Amnesty International і Анджаліна Джалі выпусцілі кнігу пра правы дзіцяці. У ёй ёсць і пра падлетка з Беларусі

Сёння ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі выходзіць кніга аб правах дзіцяці «Ведай свае правы і патрабуй іх». Гэта сумесны праект Amnesty International і Анджэліны Джалі. Ёсць у кнізе глава і пра падлетка з Беларусі.

photo_2021_09_01_20_42_05.jpg


Кніга выйшла ў той час, калі беспрэцэдэнтная колькасць дзяцей ва ўсім свеце пратэстуе на вуліцах і ў інтэрнэце, сярод іншага, супраць надзвычайнай кліматычнай сітуацыі, расізму і гендэрнай няроўнасці. Мэта праекта — даць усім падлеткам магчымасць адстойваць свае правы, незалежна ад таго, хто яны і дзе жывуць.
У кнігу ўвайшоў расповед пра падлетка з Мінска — Уладзіслава Шаркоўскага. У Беларусі тысячы дзяцей і маладых людзей несправядліва знаходзяцца за кратамі за дробныя, негвалтоўныя злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. Яны адбываюць працяглыя тэрміны зняволення ў нечалавечых умовах.

Уладзіслаў Шаркоўскі

У 17 гадоў Уладзіслаў Шаркоўскі скончыў школу алімпійскага рэзерву ў Беларусі, дзе 11 гадоў займаўся тхэквандо. Прыкладна ў той жа час абодва яго бацькі страцілі працу, і Уладзіслаў пачаў шукаць працу, каб дапамагчы сваёй сям'і. Пасля доўгіх пошукаў яму прапанавалі працу кур'ерам у ананімнай анлайн-кампаніі. Праз два тыдні ён раптам быў арыштаваны «за незаконны абарот наркотыкаў у складзе арганізаванай групы», хоць яму неаднаразова казалі, што ён дастаўляў легальныя курыльныя сумесі. У 2018 годзе Уладзіслаў быў прысуджаны да дзесяці гадоў турэмнага зняволення за нязначнае, негвалтоўнае злачынства, звязанае з наркотыкамі (пазней яно было скарочана да дзевяці). Ніхто, акрамя яго, не быў прыцягнуты да адказнасці. На самай справе следчыя нават не спрабавалі ўстанавіць асобу ўладальніка анлайн-кампаніі.
«Я мару жыць у краіне, у якой паважаюцца правы дзяцей. Калі б мае правы выконваліся, я б цяпер не сядзеў у турме. У мяне былі б мары і планы на будучыню. Я мог бы пагуляць са сваёй малодшай сястрой, забраць яе са школы і дапамагчы ёй з хатнім заданнем. Я мог бы працягнуць свае трэніроўкі па тхэквондо. Я мог бы праводзіць час са сваімі сябрамі. Нават проста схадзіць у кафэ. Але сёння мая адзіная мара — мець магчымасць бачыцца з мамай раз на паўгода», — сказаў Уладзіслаў.
Пасля зняволення ў турму яго здароўе пагоршылася, і ён доўгі час быў пазбаўлены неабходнай яму медыцынскай дапамогі. Па ўсім свеце многія людзі напісалі лісты беларускім уладам аб яго адчайным становішчы.
Уладзіслаў шкадуе, што не ведаў больш аб сваіх правах да арышту:
«Адразу пасля таго, як мяне арыштавалі, я правёў усю ноч у паліцэйскім участку без бацькоў і адваката. За гэты час паліцыянты збілі мяне, ціснулі, каб я напісаў заяву, і прымусілі мяне даць ім пароль ад майго тэлефона. Усё гэта было выкарыстана супраць мяне падчас судовага працэсу. Калі б я ведаў свае правы, я б зрабіў па-іншаму».
«Новы Час» распавядаў гісторыю Уладзіслава Шаркоўскага:


«Глабальная салідарнасць значыла для мяне цэлы свет. Веданне таго, што на цябе не забыліся, і што іншыя людзі адстойваюць твае правы, мае вялікае значэнне ў турме», — падзяліўся Уладзіслаў. «Важна ведаць свае правы, каб адчуваць сябе абароненым у Беларусі. Я лічу, што ніхто ў свеце не павінен быць несправядліва заключаны ў турму, асабліва дзеці і падлеткі», — напісана ў кнізе.

photo_2021_09_01_20_42_08.jpg


Ужо таксама ідуць перамовы аб публікацыі кнігі «Ведай свае правы і патрабуй іх» у іншых краінах. Але пра яе з'яўленне ў Беларусі гаворкі пакуль не вядзецца.