Апытанне: амаль 70% украінцаў за ўкраінскую мову як галоўную мову выкладання ў школе
Амаль 70% украінцаў лічаць, што галоўнай мовай выкладання ў школе павінна быць украінская — такія вынікі апытання «Украіна-25: дасягненні і паразы», праведзенага фондам «Дэмакратычныя ініцыятывы» і Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі. Не згодныя з гэтым 13% апытаных.
Як заяўляюць аўтары даследавання, за 25 гадоў у грамадскай думцы адбыўся рост «праўкраінскасці»: у 1991 годзе 51% насельніцтва лічыў, што галоўнай мовай выкладання ў школе павінна быць украінская, не згаджаліся з гэтым 27%, паведамляе Украінская служба Радыё Свабода.
Акрамя таго, як гаворыцца ў апытанні, перакананне, што «здаровы нацыяналізм неабходны» ў 1991 годзе падзялялі 48%, а ў 2016 годзе — 61%.
Апытанне праводзілася з 4 па 19 жніўня 2016 года ў 110 населеных пунктах ва ўсіх абласцях Украіны, акрамя анексаванага Расіяй Крыму. У Луганскай і Данецкай абласцях апытанне праводзілася толькі на тэрыторыях, якія кантралююцца Украінай. У выніку палявога этапу былі сабраныя 2040 анкет. Памылка выбаркі не перавышае 2,3%.
Для параўнання прыводзяцца дадзеныя агульнанацыянальных даследаванняў грамадскай думкі насельніцтва Украіны, праведзеных у розныя гады фондам «Дэмакратычныя ініцыятывы» імя Ілька Кучэрыва, Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі і Цэнтрам Разумкова.
У пачатку лета апытанне Цэнтра эканамічных і палітычных даследаванняў імя Аляксандра Разумкова паказала, што 60% грамадзян Украіны лічаць роднай мовай украінскую, 15% ўкраінцаў лічаць роднай рускую мову, 22% — адначасова і ўкраінскую, і рускую, а 2% рэспандэнтаў лічаць роднымі іншыя мовы.