Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці: «Можна сказаць, што Украіна страціла на ўсіх франтах»
Апостальскі Нунцый ва Украіне (раней — у Беларусі) арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падзяліўся з Ватыканскім радыё сваімі назіраннямі за сітуацыяй у краіне-суседцы.
Прадстаўнік Папы падкрэсліў, што з пункту
гледжання міжнароднай палітыкі Украіна апынулася на ўзбочыне.
Геапалітычныя падзеі, такія, як сустрэча Прэзідэнтаў Турцыі і Расіі 9
жніўня, адцягваюць увагу ўсяго свету. У сітуацыі, калі ў свеце пануе
нявызначанасць і адсутнасць стабілізацыі, пра вайну ва Украіне проста
забыліся, лічыць ватыканскі дыпламат.
«Трэба заўважыць, што па
палітычных прычынах згадваць пра Украіну ў цяперашні час не модна, таму
што гэта краіна, якая выклікала або пагоршыла цяжкасці ў адносінах паміж
Злучанымі Штатамі і Еўропай з аднаго боку і Расіяй з другога, змясціла
іх у цуглях», — сказаў арцыбіскуп. Па словах іерарха, у гэтай сітуацыі
«гаварыць пра Украіну — гэта ўсё адно, што гаварыць пра свае няўдачы».
Як
дадаў Апостальскі Нунцый, «гэта маўчанне не зусім спантаннае, у тым
сэнсе, што Украіна, якая, вядома, была ў сферы ўплыву Расійскай
Федэрацыі, прыняла рашэнне, без сумневу, таксама пад ціскам з боку
Захаду, звярнуцца да Еўропы і Злучаных Штатаў». Быў Майдан, наступіла
фактычнае аддзяленне ад Расіі, з усімі вынікаючымі адсюль эканамічнымі
наступствамі, якія могуць паўстаць, калі хтосьці разрывае сувязі або
выступае супраць некага, хто з’яўляецца яго асноўным карміцелем,
растлумачыў папскі дыпламат. Іерарх заўважыў, што ў той жа час, па
розных прычынах, Захад не заняў месца Расіі, не думае аб паляпшэнні ўмоў
жыцця мясцовага насельніцтва. «Такім чынам, можна сказаць, што Украіна
страціла на ўсіх франтах», — лічыць прадстаўнік Пантыфіка.
Арцыбіскуп
таксама ўзгадаў пра драматычныя наступствы трываючай вайны для
мясцовага насельніцтва. У якасці прыкладу іерарх адзначыў, што
пакупніцкая здольнасць сярэдняй зарплаты знізіліся з часоў Майдана ў
чатыры разы. «Гэта азначае, што вайна пагаршаецца праблемай паўсюднага
збяднення па ўсёй Украіне. Калі гэта не зменіцца, то нам пагражае вайна
паміж беднымі», — папярэдзіў Апостальскі Нунцый ва Украіне.
Паводле catholic.by