Археолагі знайшлі старажытную недабудаваную сталіцу Японіі

Японскае выданне «Асахі Сімбун» паведамляе, што ў горадзе Яо (прэфектура Асака) былі знойдзены рэшткі горада Юге-Но-Мія — новай сталіцы, якую пачалі будаваць у 767 годзе па загадзе імператрыцы Кокэн (пасмяротнае імя Сётоку). Гісторыя не здзейсненай сталіцы амаль невядомая навукоўцам, таму археалагічнае адкрыццё можа значна пашырыць іх веды ў гэтай галіне.

stalica.jpg

Кокэн займала імператарскі трон двойчы. Упершыню яна ўзышла на яго ў 749 годзе пасля адрачэння свайго бацькі — імператара Сёму. У 758 годзе па прычыне хваробы яна саступіла праўленне Дзюніну, які прыходзіўся стрыечным братам яе дзеду. У 761 годзе будыйскі манах Докё вылечыў хваробу Кокэн і стаў яе фаварытам. Японская хроніка паведамляе: «Докё з роду Югэ дзяліў з імператрыцай адну падушку і кіраваў Паднябеснай». Пад уплывам Докё імператрыца вырашыла вярнуць сабе ўладу. У адным з указаў яна пісала: «... пастаяннымі святамі і справамі дробнымі хай цяперашні кіраўнік [Дзюнін] займаецца, а важнымі справамі дзяржаўнасьці — узнагародамі, пакараннямі, гэтымі двума клопатамі мы ведаць станем». У краіне часова паўсталі два цэнтры ўлады: імператарскі палац Дзюніна і будыйскі храм Хокэдзі, дзе была рэзідэнцыя імператрыцы.
Усімі справамі пры двары Дзюніна запраўляў Фудзівара-Но Накамаро і ён паспрабаваў падняць мяцеж супраць імператрыцы і манаха Докё, але пацярпеў паразу і быў пакараны. Дзюнін адрокся ад пасады і быў скіраваны ў ссылку (765 год). Докё атрымаў паўнату ўлады. Для яго адмыслова была створана пасада «галоўнага міністра-настаўніка дх'яна» і «ўладара Закона Буды», а выдаткі на яго ўтрыманне раўняліся імператарскім. Докё нават меў намер стаць імператарам і паспрабаваў зрабіць гэта, заручыўшыся патрэбнымі прадказаннямі аўтарытэтнага сінтаісцкага храма, але гэты план не ўдаўся.
У гады праўлення імператрыцы Кокэн і Докё значна ўзмацніліся пазіцыі будызму. У горадзе быў пабудаваны вялікі будыйскіх храм Сайдайдзі, а для ачышчэння пасля бунту Накамаро імператрыца загадала вырабіць мільён мініяцюрных драўляных пагад, вышынёй па 21,5 см, і размясціць іх у сталічных храмах. Тады ж было пачата будаўніцтва горада Юге-Но-Мія.
Але пабудаваць новую сталіцу не ўдалося. У 770 годзе імператрыца Кокэн памерла, а Докё быў адпраўлены ў ссылку, дзе праз два гады таксама памёр. Першыя сляды збудаванняў новай сталіцы археолагі прэфектуры Асака выявілі ў лютым гэтага года, калі быў знойдзены падмурак буйной пагады. Па разліках, яна мела не менш за сем паверхаў і была вышынёй каля 60 метраў.
Затым у 500 метрах ад падставы пагады былі выяўленыя рэшткі іншага збудаванні. Перад археолагамі паўсталі ямы квадратнай формы, глыбінёй 60-80 см, арыентаваныя па баках свету. Навукоўцы лічаць, што ў іх былі ўсталяваныя драўляныя слупы будынка. Таксама былі выяўленыя сляды канала, які меў, па здагадцы навукоўцаў, даўжыню 600-700 метраў. Як кажа ганаровы прафесар Такійскага універсітэта Гакугэй Масасі Кіносіта (Masashi Kinoshita), канал служыў для дастаўкі будаўнічых матэрыялаў да месца работ.
Паводле Science Pro