Арменія. Нагорны Карабах і Мытны саюз
Каментуючы рашэнне Арменіі далучыцца да Мытнага саюза, мясцовая прэса выявіла адну малую, аднак важную для краіны праблему — што рабіць пры такім сцэнары з Нагорным Карабахам? Непрызнаная рэспубліка мае агульную мяжу з Арменіяй і, больш таго, фактычна існуе за кошт датацый з Ерэвану.
Ці не давядзецца, у выпадку далучэння Арменіі да Мытнага саюза, мяжу з Нагорным Карабахам пераўтвараць у сапраўдную? Як піша адна з армянскіх газет, «узнікае пытанне: а ў якіх межах Арменія будзе ўваходзіць у Мытны саюз? Прасцей кажучы, ці будзе ў яго ўваходзіць і Карабах?
Вядома ж, не будзе. Казахстан гэтага дакладна не пацерпіць, ды і Расія не захоча псаваць адносіны з выгадным у плане бізнэсу кліентам — Азербайджанам. А гэта азначае, што паміж Арменіяй і Карабахам будзе пабудавана мытня». Тая мытня, на думку наглядальнікаў, можа аслабіць гаспадарку Карабаху і, адпаведна, абарончы патэнцыял.
Таксама пужае армян тое, што на мытні на армяна-карабахскай мяжы, па законах МС, могуць знаходзіцца беларускія, казахскія або рускія службоўцы. Паколькі той жа Мінск або Астана маюць добрыя адносіны з Баку, тыя службоўцы могуць перадаваць азербайджанцам важную інфармацыю, якая тычыцца пытанняў абароны Карабаху.
Паводле армянскай прэсы