Армія ЗША замовіла распрацоўку 100-кілаватнага баявога лазера
Кансорцыум амерыканскіх кампаній Dynetics і Lockheed Martin выйграў тэндар Арміі ЗША на распрацоўку і зборку першага прататыпа баявога тактычнага лазера магутнасцю 100 кілават. Як паведамляе Defense News, у конкурсе кансорцыум абышоў амерыканскую кампанію Raytheon.
Тэндар HEL TVD (High Energy Laser Tactical Vehicle Demonstration, дэманстратар тактычнай машыны з высокаэнергетычным лазерам) праводзіўся арміяй ЗША з 2016 года. Ён прадугледжвае стварэнне мабільнага баявога лазера, размешчанага на грузавой машыне сямейства FMTV.
Вайсковыя грузавікі сямейства FMTV пераважна выкарыстоўваюцца для перавозкі ў калонах боепрыпасаў, правізіі і іншых важных грузаў. Мяркуецца, што, атрымаўшы лазерную зброю, такія машыны змогуць абараняць сябе не толькі ад ракет і мінамётных мін, але і беспілотнікаў, верталётаў, а таксама невялікіх самалётаў.
Па ўмовах пагаднення, заключанага з Dynetics і Lockheed Martin, выпрабаванні прататыпа баявога лазера павінны адбыцца не пазней 2022 года. У аснову лазернай устаноўкі распрацоўшчыкі маюць намер пакласці валаконны лазер з тэхналогіяй спектральнага сумяшчэння.
У новай устаноўцы будуць выкарыстоўвацца некалькі лазерных выпраменьвальнікаў, прамяні ад якіх будуць перадавацца па аптычным валакне ў адмысловую прыладу сумяшчэння. У выніку атрымаецца, што некалькі маламагутных выпраменьвальнікаў дазволяць атрымаць на выхадзе прамень высокай магутнасці. Устаноўка магутнасцю 60 кілават, выкананая па такім прынцыпе, прайшла выпрабаванні ў 2017 годзе.
Для забеспячэння баявога лазера HEL TVD энергіяй будзе выкарыстоўвацца гібрыдная энергетычная ўстаноўка, нядаўна прадстаўленая брытанскай кампаніяй Rolls-Royce. Гэтая ўстаноўка, якая мае электрычную магутнасць 300 кілават і цеплавую ёмістасць 200 кілават, прызначана для сілкавання лазераў магутнасцю да 100 кілават.
У красавіку бягучага года паведамлялася, што кітайскія ваенныя прыступілі да выпрабаванняў карабельнай лазернай баявой устаноўкі, якая таксама можа быць выкарыстана ў складзе берагавой мабільнай сістэмы супрацьпаветранай абароны блізкага радыусу дзеяння. Як мяркуецца, баявая лазерная ўстаноўка здольная паражаць паветраныя мэты на адлегласці да 5 кіламетраў.
Паводле nplus1.ru