Байдэн назваў Лукашэнку дыктатарам і папракнуў Трампа ў маўчанні

Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн раскрытыкаваў дзеючага кіраўніка дзяржавы Дональда Трампа за тое, што той не адрэагаваў на сітуацыю ў Беларусі, дзе з 9 жніўня працягваюцца пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, піша РБК са спасылкай на Reuters.

Джо Байдэн (Фота: Carolyn Kaster / AP)

Джо Байдэн (Фота: Carolyn Kaster / AP)

«Прэзідэнт Трамп адмаўляецца выказацца супраць дзеянняў [беларускага лідара Аляксандра] Лукашэнкі ці прапанаваць сваю падтрымку прадэмакратычнаму руху», — заявіў Байдэн, назваўшы кіраўніка Беларусі дыктатарам.
Па словах Байдэна, кіраўнік Беларусі «ў страху хаваецца ад уласных грамадзян і адмаўляецца прыняць волю народа». Гэтыя дзеянні — прыкмета слабасці, лічыць ён.
Цырымонію інаўгурацыі Лукашэнкі, якая прайшла 23 верасня ў закрытым рэжыме, кандыдат ад дэмакратаў палічыў фіктыўнай. Байдэн дадаў, што падтрымлівае мірныя акцыі пратэсту ў рэспубліцы і лічыць неабходным правесці новыя выбары. Ён таксама запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць затрыманых лідараў апазіцыі, якіх назваў палітвязнямі.
Байдэн паабяцаў, што ў выпадку абрання прэзідэнтам ён будзе «абараняць дэмакратычныя каштоўнасці і стаяць на баку тых, хто іх падзяляе». Якія менавіта дзеянні яго адміністрацыя прыме ў дачыненні да Беларусі, кандыдат не ўдакладніў.
Раней на гэтым тыдні Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што не лічыць выбары 9 жніўня ў Беларусі свабоднымі і сумленнымі, а Лукашэнка — законна абраным прэзідэнтам. «Абвешчаныя вынікі былі сфабрыкаваныя і не адлюстроўвалі легітымнасць», — лічаць у Дзярждэпе. Інаўгурацыю беларускага кіраўніка не прызналі і іншыя дзяржавы, у тым ліку Украіна, Германія, Эстонія, Славакія, Чэхія, Літва, Канада, Вялікабрытанія і іншыя. У ЕС заявілі, што ні сама працэдура, ні новы тэрмін Лукашэнкі не маюць дастатковай легітымнасці.
Reuters са спасылкай на крыніцы паведаміў, што ЗША, Канада і Вялікабрытанія маюць намер ўвесці санкцыі супраць грамадзян Беларусі за фальсіфікацыю выбараў і гвалт у адносінах да мірных дэманстрантаў.
Сам Лукашэнка назваў інаўгурацыю «днём пераканаўчай і лёсавызначальнай перамогі». Беларускі кіранік неаднаразова сцвярджаў, што пратэсты ў краіне кіруюцца з-за мяжы і іх спланавалі ЗША. Пра тое, што Злучаныя Штаты ўзялі пад «шчыльную апеку» апазіцыйных актывістаў, у тым ліку экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, заявіў і кіраўнік Службы знешняй разведкі Расіі Сяргей Нарышкін. Паводле яго слоў, Вашынгтон у некалькі разоў павялічыў фінансаванне беларускіх антыўрадавых сіл пасля пачатку пратэстаў у краіне.
rbc.ru