Баранэса Тэтчэр была панкам?

Смерць Маргарэт Тэтчэр адрадзіла даўнюю спрэчку паміж яе прыхільнікамі і праціўнікамі. Ёсць толькі адзін пункт, у якім адны і другія сыходзяцца, — Жалезная Лэдзі зрабіла вялікі ўплыў на музычную культуру.



e7603b81cea72d1dce6aed9bbb2ca1e91.jpg

Маргарэт Тэтчэр

На хвалі нянавісці да сацыяльна-эканамічнай палітыкі Тэтчэр у Вялікабрытаніі пачаў квітнець радыкальны рок, і асабліва панк-рок. Творчасць некаторых панк-гуртоў таго часу трапіла ў залаты музычны архіў. Антытэтчэраўскія матывы прысутнічаюць у творчасці такія вядомых гуртоў, як «Genesis», «Duran Duran», «Samantha Fox», «Pet Shop Boys», «Pink Floyd».

Пры гэтым у выразах на адрас кіраўніка музыкі не саромеліся. Дастаткова ўзгадаць песню гурта «Forlorn Hope» пад назвай «Gonna Laugh When Margaret Thatcher Dies» («Я буду смяяцца ў дзень, калі Тэтчэр памрэ»). Або хіт «Thatcher F*cked the Kids» («Тэтчэр займаецца сэксам з дзецьмі») аўтарства Фрэнка Турнера (Frank Turner). Або як вам запіс гурта «Morrissey» «Margaret On The Guillotine» («Маргарэт на гільяціну»). Нарэшце, песня гурта «Crass» «How Does It Feel to Be the Mother of 1,000 Dead» («Як гэта, быць маці тысячы забітых?»), на стварэнне якой аўтараў натхніла Фальклендская вайна і знішчэнне брытанскім флотам аргенцінскага флагмана «General Belgrano». Карабель быў патоплены ў нейтральных водах, што супярэчыла міжнароднаму праву. Загінула каля 320 чалавек.

Прычым згаданыя вышэй агрэсіўныя палітызаваныя мелодыі былі запатрабаваныя масамі. Як прызнаваўся неяк лідар гурта «Crass»: «Тэтчэр — гэта проста добрая фея. Мы, анархісты, думалі, як мы можам крытыкаваць капіталістычнае грамадства, і раптам атрымалі такога чалавека на пасаду прэм’ера, як Тэтчэр. Гэта проста фантастыка!» Аднаго слова «Тэтчэр» у 1980-я гады было дастаткова, каб імгненна гальванізаваць левы пратэстны настрой. Трэба прызнаць, што кансерватары плацілі панкам той жа манетай. Так, «Times» неяк пісаў пра тое, што «Crass» ледзь не фінансуецца Брэжневым і Андропавым.

Тэтчэр і сама нявольна стварала апазіцыйны рок. Беспрацоўная моладзь ішла ў панк-музыку. Дзякуючы масавым скарачэнням у Манчэстэры і з’яўленню арміі маладых музыкаў напрыканцы 1980-х гадоў менавіта сюды з Лондану пераехала брытанская музычная сталіца.

Праўда, цяпер гэта ўжо мінуўшчына. Больш за тое, сёння шматлікія былыя зоркі панк-сцэны 1980-х гадоў нават настальгуюць па часах Жалезнай Лэдзі. Так, музыка Ноэль Галахер (Noel Gallagher) з гурту «Oasis» кажа, што сумуе па часах Мэгі, паколькі тады ў грамадстве панаваў культ працы. Уся беспрацоўная моладзь марыла знайсці працоўнае месца. А цяпер, па яго словах, адсутнасць працы маладыя кампенсуюць фантазіямі пра перамогу на нейкім шоў на тэлебачанні.

Аднак адной настальгіяй былых панкаў па часах іх маладосці, якія выпалі на эру Тэтчэр, справа не абмежавалася. Параўноўваючы ідэйныя забабоны панк-руху з поглядамі і ўчынкамі Маргарэт, некаторыя эксперты выступаюць з сенсацыйнай заявай. Калі ім верыць, то, па-сутнасці, баранеса Тэтчэр была панкам.

Прычына таму — прычоска Маргарэт, якая, як лічаць некаторыя, ёсць не што іншае, як стылізаваная панк-канструкцыя. Калі сур’ёзна, то культуролагі сыходзяць з тэзісу пра тое, што феномен Тэтчэр як палітыка і культурны накірунак «панк» маюць адны карані: яны выйшлі з адной і той жа сацыяльная атмасферы другой паловы 1970-х гадоў. У гэты час жыхароў Альбіёну ахапіла татальная фрустарцыя. Эйфарыя, характэрная для часоў «Beatles», знікла падчас зацяжной эканамічнай рэцэсіі і крызісу посткаланіяльнай свядомасці.

Адзін з сучаснікаў так апісвае паўсядзённую сітуацыю тых гадоў. «Нічога не працавала. Цягнікі заўсёды спазняліся. Тэлефоны ў кабінках былі заўсёды разбітыя. А самі кабінкі выкарыстоўваліся як прыбіральні. У навінах дамінавала тэма страйкаў. Забастоўка шахцёраў. Забастоўка докераў. Нават забастоўка магільшчыкаў. Прафсаюзы адпраўлялі кабінеты ў адстаўку. Усіх дастала інфляцыя. За верасень 1979-га яна склала 17 працэнтаў».

Пасляваенны сацыяльна-палітычны кансенсус, які будаваўся на дыктаце чыноўнікаў і прафсаюзнай бюракратыі, не падабаўся як маладым анархістам, так і частцы кансерватараў, якія марылі імпартаваць амерыканскую мадэль рынкавага індывідуалізму. Першыя ішлі ў панк, другія — у радыкальную фракцыю кансерватараў пад кіраўніцтвам Тэтчэр. Нягледзячы на полюснасць, гэтыя з’явы ў выніку маюць шмат агульнага.

Іспанская газета «El Pais» піша: «У папулярнай культуры Тэтчэр знайшла абсалютна незвычайных саюзнікаў у асобе панк гурта «Sex Pistols». Гэты гурт фармаваў думку цэлай генерацыі, якая стамілася ад палітычнай эліты, што была не здольная зразумець новы свет. І «Sex Pistols», і Тэтчэр першымі сказалі: «Стары парадак мёртвы».

Найбольшае, што набліжае Жалезную Лэдзі да панкаў — гэта, безумоўна, агрэсіўнасць. Як той панк, Маргарэт жыла ад канфрантацыі да канфрантацыі. «Вы ніколі нічога не дасягніце без праблем», — казала яна ў 1984 годзе падчас аднаго тэлевізійнага інтэрв’ю. Акрамя таго, Тэтчэр была даволі цынічнай. «Ёсць больш важныя рэчы, чым грамадства», — казала яна. «Божа, ратуй каралеву, фашысцкі рэжым», — спявалі панкі. Можна паспрачацца, якое з двух выказванняў больш шакавала брытанцаў.

Наступная «панкаўская» рыса Тэтчэр — індывідуалізм. На партыйнай канферэнцыі торы ў 1980 годзе, калі яе курс выклікаў пярэчанні з боку левых, яна казала: «У нас няма альтэрнатывы. Усе чакаюць, што мы павернем назад. Калі хочаце, можаце паварочваць. Аднак лэдзі ніколі не вяртаюцца». На думку гісторыкаў, яна, як той лідар панкаўскай банды, аб’яднала вакол сябе своеасаблівую субкультуру прыхільнікаў радыкальных рынкавых рэформаў. «Мы не дапусцім пахавання Брытаніі. І вы, дарэчы, таксама», — казала яна выбаршчыкам падчас парламенцкай кампаніі 1979 года.

Увогуле, сама тэорыя тэтчэраўскага разумення лібералізму вельмі пасавала панкаўскай філасофіі анархізму. Маргарэт Тэтчэр сцвярджала: «Чалавек павінен працаваць, калі сам гэтага захоча. Расходаваць грошай столькі, колькі зарабіў, і глядзець на дзяржаву як на службовы персанал, а не як на гаспадара».

Панк быў моцна звязаны з анархізмам, а адсюль — і з левым рухам. Аднак тое, што панкі і торы выказвалі zeitgeist (дух часу), відавочна. У гэтым плане самы цікавы тэзіс прапануе інтэрнэт-выданне «HuffPost». Паколькі панкаўскі рух пачаўся раней за прыход Мэгі на Даўнінг-стрыт, 10, часопіс ставіць пытанне: а што, калі менавіта папулярныя ў той час сярод моладзі панкаўскія каштоўнасці якраз і інспіравалі ў соцыуме запыт на такога брутальнага і рашучага палітыка, як Маргарэт Тэтчэр? «Жалезная Лэдзі проста сабрала ўраджай лютасці, якія пасеялі панкі», — рэзюмуе «HuffPost».