Беларус, які выкрыў катаванні ў расійскіх калоніях, просіць палітычнага прытулку ў Францыі

Партал, прысвечаны сучасным рэпрэсіям у Расіі, Gulagu.net паведаміў, што беларускі IT-спецыяліст Сяргей, дзякуючы якому інфармацыя пра масавыя катаванні ў расійскіх турмах патрапіла ў шырокі доступ, ужо знаходзіцца ў Парыжы.

IT-спецыяліст Сяргей у аэрапорце Парыжа

IT-спецыяліст Сяргей у аэрапорце Парыжа


«Мы будзем звяртацца заўтра ў тэрміновым парадку да ўлад Францыі і прасіць абараніць Сяргея. Сам Сяргей ужо звярнуўся да паліцыі аэрапорта па дапамогу, і пачалася першасная працэдура для просьбітаў палітычнага прытулку.
Гэтая гісторыя, калі б я чытаў пра яе збоку, нагадвала б мне сюжэты крутых галівудскіх блокбастараў. Але не, гэта рэальнае жыццё і гэта нашы з Сяргеем жыцці, якімі мы рызыкнулі, выкрываючы катавальныя турмы таталітарнай сістэмы», — піша заснавальнік праекта Gulagu.net Уладзімір Асечкін.
Сяргей жыў у Расіі. У 2013 годзе знаёмыя папрасілі перадаць торбу, у якой былі наркотыкі. Сяргей кажа, што не ведаў пра змесціва торбы. У 2015 годзе Сяргея асудзілі на дзевяць гадоў. Ён адбываў пакаранне ў Саратаўскай вобласці і таксама падвяргаўся жорсткаму абыходжанню.
Як ІТ-спецыяліста яго вымусілі супрацоўнічаць з турэмнай службай, на працягу гэтага часу ён кіраваў камп’ютарнай сеткай турмы і забяспечваў доступ да відэафайлаў з усёй расійскай пенітэнцыярнай сістэмы. Гэта дазволіла яму атрымаць доступ да відэазапісаў катаванняў, якія практыкаваліся ў калоніі, і перадаць іх праваабаронцам.
Нагадаем, што праваабарончы праект Gulagu.net паведаміў, што атрымаў больш за 40 гігабайт відэа, дакументаў і фотаздымкаў катаванняў і згвалтаванняў зняволеных у расійскіх турмах. Некаторыя відэазапісы ўжо апублікаваныя.
Пасля публікацыі трох запісаў здзекаў з вязняў у Саратаўскім сухотным шпіталі была распачатая крымінальная справа. Некалькі кіраўнікоў рэгіянальнага ўпраўлення турэмнага ведамства звольненыя.