Беларусы Канады: «Нават тыя, хто не можа вярнуцца, гатовыя дапамагчы: ведамі, грашыма, сувязямі»
Дыяспара беларусаў у Канадзе – адна з найстарэйшых. Афіцыйнае згуртаванне было створана яшчэ ў 1948 годзе. Акрамя культуралагічнага накірунку (тэатр, спевы, традыцыі, лекцыі па беларусістыцы, выданне газет і кніг), суполка стасавалася з заходнімі палітыкамі і абараняла незалежнасць Беларусі на міжнароднай арэне, хоць гэта і былі часы СССР і незалежнасць здавалася фантастыкай.
Летась чальцы ЗБК галасавалі — і былі назіральнікамі на выбарах, напісалі ліст аб непрызнанні Макею, выходзілі — і працягваюць — з акцыямі салідарнасці і пікетамі на вуліцы вялікіх і малых гарадоў, падпісвалі — і працягваюць — сотні паштовак беларускім палітвязням і падтрымліваюць іх сем’і, працуюць з мясцовымі дзяржструктурамі і бізнесам, медыя і прыватнымі асобамі, ладзяць падарожжа БЧБ-сцяга…
А галоўнае — дапамагаюць і перажываюць за сваіх, нават на адлегласці ў 7 тысяч кіламетраў.
Пра тое, як змянілася за год дыяспара і яе настрой, пра здзейсненыя і далёкія планы старшыня Згуртавання беларусаў Канады Алена Лявончанка расказала ў вялікім інтэрв’ю «Салідарнасці».
«Градус перажыванняў не знізіўся»
— ЗБК ад пачатку мела два аддзелы, у Таронта і Атаве, і многія людзі па 15-20 год сябры згуртавання, – распавядае Алена. — Таксама ў Таронта ёсць група моладзевая: у многіх падрастаюць дзеці (у мяне самой дачцэ 9 год), і яны ходзяць у наш беларускі цэнтр. У ім Віялета Кавалёва апошнія тры гады праводзіць спеўны гурток: дзеці вучацца спяваць на беларускай мове, чытаюць тэксты песень, хто можа, той трошкі нават размаўляе.
І, вядома, за апошні год праз нашы рэвалюцыйныя падзеі шмат людзей сталі па-іншаму глядзець на беларускасць. Многія пацягнуліся ў суполку — не толькі ў Таронта і Атаве, таксама ўзніклі згуртаванні ва ўсіх буйных гарадах Канады — у Ванкуверы, Эдмантане, Рэджайне, Манрэалі, людзі пазнаёміліся і самаарганізаваліся.
Адзначу, што збольшага гэта прафесіяналы ў сваёй сферы, у якіх ёсць досвед і прапановы, што можна рабіць, як дапамагаць Беларусі. Мы працуем увесь гэты час, хоць эмацыйна бывае вельмі складана. Градус перажыванняў за год не знізіўся, проста ўсё гэта перайшло ў іншую форму.
Калі летась на кожную акцыю ў Таронта магло прыходзіць 300-400 чалавек, прынамсі ў першыя месяцы, то цяпер людзі, быць можа, хочуць менш выходзіць на вуліцу, не так часта збірацца, але больш жадаюць нешта рабіць для міжнародных праектаў і для тых, якія праходзяць унутры краіны.
…Паводле леташняга перапісу (вынікі за гэты год яшчэ не апублікавалі), у Канадзе запісалі сябе беларусамі прыкладна 20 тысяч чалавек. Аднак Алена ўпэўненая, што сёлета іх стала больш:
— Даволі часта беларусы за мяжой, на жаль, «раствараюцца» ў рускіх, або ўкраінскіх, або польскіх суполках, і запісваюць сябе некім іншым. Канешне, гэта шкада, бо ў нас не столькі шмат рэсурсаў і інфармацыйных, і фінансавых, у параўнанні з іншымі ўсходнееўрапейскімі суполкамі, таму трэба з гэтым працаваць, развівацца.
— З мінулага жніўня зроблена вельмі нямала, і наўрад ці зараз мае сэнс прыгадваць кожную акцыю. Якія ініцыятывы, на ваш погляд, былі самымі важнымі?
— У міжнародным кірунку, лічу, гэта стварэнне парламенцкай групы сяброў Беларусі ў канадскім парламенце. У яе ўваходзілі 8 дэпутатаў, і на нядаўніх парламенцкіх выбарах двое сустаршыняў пераабраліся. То-бок, частка групы засталася ў новым парламенце, і зараз мы абмяркоўваем, каб яе «перазапусціць».
Таксама просім офіс Святланы Ціханоўскай дапамагчы наладзіць больш шчыльныя кантакты, каб канадскія парламентарыі працавалі не толькі з дыяспарай, але і наўпрост з офісам, які з’яўляецца голасам беларускага народа.
У кавідных умовах мы рабілі, што маглі, а зараз, спадзяемся, гэты працэс пойдзе хутчэй і будзе больш наўпроставых кантактаў.
Канада цяпер паступова адкрываецца пасля каронавіруса, ужо 70% насельніцтва цалкам вакцынаваныя, больш за 80% атрымалі першую дозу вакцыны. Так што, мяркую, цягам бліжэйшага месяца краіна зноў адкрыецца для эміграцыі і міжнародных праграмаў: можна будзе сюды прыязджаць, дамаўляцца з палітыкамі.
Другое, пра што хацелася б сказаць з рэалізаванага — прысутнасць у медыя. Бо Канада вельмі далёкая ад Еўропы, тут больш цікавыя Злучаныя Штаты, Кітай, як бізнес-партнёр, Афганістан, бо Канада ўдзельнічала ў вайсковых аперацыях НАТО.
Беларусь жа аддаленая і зусім не на павестцы, трымаць увагу да яе ў канадскіх медыя вельмі цяжа. Але сябры Згуртавання беларусаў Канады зрабілі проста выдатную працу, і ў цэнтральных канадскіх газетах выйшлі некалькі артыкулаў і інтэрв’ю пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі.
Я б адзначыла аўтарскі артыкул, які апублікавала наша самая вялікая газета «The Globe and Mail» – яго напісала спадарыня Наталля С.
Тэкст «Ці вартая дэмакратыя таго, каб за яе паміраць» яна прысвяціла Раману Бандарэнку. Яна расказала гісторыю Рамана і заклікала замежных палітыкаў не спускаць Беларусь са свайго радару і ціснуць санкцыямі, палітычнымі метадамі. Бо, калі гэтага не рабіць, Лукашэнка не спыніцца, і людзі будуць гінуць надалей. Як мы бачым цяпер, яна мела рацыю…
«Немагчыма ўявіць сіутацыю ў цывілізаванай краіне, каб дзяржава пусціла ўсё на самацёк»
Алена Лявончанка хімік-фармацэўт па адукацыі, працуе ў фармакампаніі. І тое, што адбываецца з медыкамі ў Беларусі, абурае яе да глыбіні душы:
— Тое стаўленне, якое мы ўбачылі яшчэ тады — лічу, гэта знявага медыкаў і паказальная ілюстрацыя, як дзяржава насамрэч ставіцца да чалавечага жыцця. У красавіку-траўні 2020-га мы збіралі грошы і перадавалі нашай польскай дыяспары (каля 7 тысяч канадскіх долараў – С.), а яны набывалі пульсаксіметры і перадавалі іх у Беларусь. Бо было відавочна, што дзяржава не дапамагае…
У беларускіх афіцыйных медыя я ніколі не бачыла такога дыскурсу, як у канадскіх. Тут усе газеты пішуць, як цяжка дактарам і як дзяржава іх не абараняе — гэта пры тым, што сітуацыю трымаюць на кантролі, і ёсць сродкі індывідуальнай абароны, і бальніцы лепш абсталяваныя. А ў Беларусі пра гэта нават ніхто не размаўляе ў дзяржаўных медыя!
Я малюся за родных, хоць чалавек не вельмі веруючы — толькі б яны не захварэлі сур’ёзна. Калі меркаваць па здымках, якія дасылаюць людзі пра чэргі ў паліклініках — гэта проста жах. Сітуацыя, якую ў цывілізаванай краіне ўявіць немагчыма, каб дзяржава настолькі пусціла ўсё на самацёк.
— Хто ці што натхняе вас, матывуе не апускаць рукі?
— Школьныя і інстытуцкія сябры, хто зараз у Беларусі. Часам думаеш, што надрукаваць улётку, або паразмаўляць з кімсьці, хто не разумее сітуацыю — гэта неяк абстрактна, каму гэта дапаможа. Але мае сябры штотыдзень стараюцца нешта рабіць, каб падтрымаць іншых.
Калі блізкія мне па духу людзі, пры ўсёй сітуацыі з кавідам, пры тым што падаюць заробкі, што многія хадзілі летась на маршы і не адчуваюць сябе ў бяспецы, у кожнага ёсць, за каго перажываць — дзеці, сем’і — гэта робяць, а я жыву тут, у бяспечнай краіне, у мяне ўсё добра з працай і сям’ёй — значыць, я тым больш мушу дзейнічаць.
Захапляюся беларускімі журналістамі і медыкамі: тымі, хто самааддана працуе і супрацьстаіць эпідэміі, і хто працягвае пісаць навіны, калі амаль усе медыя разграмілі, тымі citizen reporters, хто знаходзіць спосабы перадаваць інфармацыю, каб людзі не падпадалі пад канспіралогію.
Гэта нібы ў фільме пра Шцірліца, калі ты сядзіш сярод ворагаў і з радыёкропкай перадаеш сігналы кудысьці на вонак… Бо вельмі важна ведаць факты. Як пра каронавірус — каб адказна сябе паводзіць, не захварэць і не заразіць іншых, так і пра палітыку — каб канцэнтравацца на сапраўды важных рэчах і не дэмаралізаваць другіх людзей.
«У нас няма досведу нізавой дэмакратыі»
— Я вялікі аптыміст, і, як многія іншыя, лічыла: адзін 300-тысячны марш — і ўсё памяняецца. Зараз разумею, што гэта было нелагічна.
Уздым насамрэч быў, таму што была еднасць трох штабоў і людзі ўпершыню пабачылі, што еднасць працуе, атрымалі імпульс: давайце разам працаваць на адну мэту.
Але, на жаль, калі пачаліся рэпрэсіі, калі Святлану Ціханоўскую «выціснулі» з краіны, тое першае аб’яднанне з аб’ектыўных прычынаў не пратрымалася доўга. Людзі засталіся без лідараў. Усё тое прыгожае, што было мінулым годам – маршы, спевы, ланцугі салідарнасці — гэта быў голас беларусаў, але камусьці ўсё адно трэба было ўзяць на сябе адказнасць і ачаляць рух.
У нас былі эмоцыі, а каб іх ператварыць у дзеянні, трэба была нейкая структура, людзі, якія ўмеюць кіраваць, распрацаваць шлях, якім ісці да мэты.
Як кіраўнік маленькай беларускай арганізацыі, лічу, што, як ні банальна, арганізаванасць, зладжанасць – гэта вельмі важна. І не так проста, як падаецца. Рэч у тым, што ў нас няма досведу нізавой дэмакратыі.
У Канадзе з дзяцінства, яшчэ са школы, людзі вучацца выбіраць , працаваць у камандах; тут усё пабудавана на праектах, якія трэба рабіць разам.
Большасць маіх канадыйскіх знаёмых з’яўляюцца сябрамі розных НДА, ці валанцёрскіх суполак, ці асацыяцыі паляўнічых, лыжнікаў, альпіністаў. Гэта ўсё зарэгістраваныя арганізацыі.
Разумею, што беларусам, можа, балюча гэта чуць, бо ў нас амаль усе НДА разграмілі за апошнія два месяцы. Але вопыт узаемадапамогі з кавідам, пратэсты паказалі, што нашы людзі разумеюць і могуць арганізоўвацца, толькі, мабыць, не хапіла часу, каб напрацаваць трывалы досвед.
Што дае надзею зараз — зноў жа сябры, якія «партызаняць», і выглядае на тое, што не толькі яны, а многа іншых беларусаў.
І яшчэ тое, што нашыя лідары не зламаліся. З прамовы Віктара Бабарыкі на судзе вынікала, што ён не зломлены, а трымае цвёрдую маральную пазіцыю, і гатовы будзе працягнуць сваю лінію.
Тое ж самае, думаю, справядліва сказаць пра Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, якія дакладна ведаюць, што робяць. І пра Святлану Ціханоўскую, якая вучыцца і відавочна расце…
Выдатна, што ў нас столькі розных лідараў, і будзе цудоўна, калі з народнага руху паўстануць новыя.
«Нават тыя, хто не можа вярнуцца, гатовыя дапамагчы»
— Да кавіду і да ўсіх гэтых падзей мы ездзілі кожныя два-тры гады, праведвалі родных. І цяпер, хоць сумую я і па еўрапейскіх сябрах, Беларусь — нумар адзін.
Наогул думаю, што многія з дыяспараў, калі ўсё гэта скончыцца, вернуцца назаўжды. Ведаеце, часам бывае такое ўражанне, што людзі, якія з’ехалі і жывуць за мяжой — яны, маўляў, паехалі за грашыма, у іх усё класна і ім не баліць тое, што адбываецца ў Беларусі. Але гэта няпраўда.
Што паказаў мінулы год: у нас увесь час былі маленькія сталыя суполкі свядомых людзей, якія «топяць» за Беларусь, за нацыянальныя ідэалы і іх не трэба ні ў чым пераконваць. Але летась пачало прыходзіць вельмі многа новых людзей, я з імі размаўляла і зразумела, што гісторыі, якім мы жахаліся ў мінулым годзе, рэпрэсіі — яны былі і раней, проста ў меншых маштабах.
І тыя, хто раней маўчалі, пачалі расказваць, чаму з’ехалі: у кагосьці «адціснулі» бізнес, у кагосьці адабралі кватэру лукашэнкаўскія структуры, якія махлявалі з нерухомасцю, камусьці закрылі шляхі ў прафесіі… Мала хто выехаў добраахвотна. Таму нам усё, што адбываецца сёння ў Беларусі, таксама баліць. І мне баліць. Так і жывем, перажываючы за блізкіх і далёкіх, але спадзеючыся на лепшае.
Але нас шмат. І нават тыя, хто з нейкіх прычын не можа вярнуцца ў Беларусь, гатовыя дапамагчы: хто прафесійнымі ведамі, хто грашыма, хто кантактамі і сувязямі. Так што ўсе будзем дапамагаць адбудоўваць краіну, абавязкова!
Фотаздымкi прадстаўленыя Згуртаваннем беларусаў Канады