Беларусы Польшчы пікетавалі амбасаду Беларусі ў Варшаве, акцыі салідарнасці прайшлі ў розных гарадах

У Варшаве беларусы пікетавалі амбасаду Беларусі. Яны патрабавалі прадстаўнікоў амбасады ўстаць на бок народа і перастаць лабіяваць інтарэсы рэжыму. Акцыя прайшла 21 лістапада і была прысвечана крызісу на беларуска-польскай мяжы.

photo_2021_11_21_18_16_00.jpg


Акцыя афіцыйна ўзгодненая з уладамі польскай сталіцы. Пратэстоўцы прабылі ля амбасады каля дзвюх гадзін — у нядзелю, у той жа дзень, калі летась праходзілі масавыя акцыі беларусаў, піша Еўрарадыё.

Беларусы таксама выказалі патрабаванні да Польшчы: прыпыніць гандлёвыя зносіны з «кашалькамі Лукашэнкі». І да ЕС — больш жорсткія санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і ягоных партнёраў, уключна з Расіяй.

Акцыя сабрала каля 500 чалавек, на ёй прысутнічалі беларусы, якія з’ехалі ад дзеянняў рэжыму ў Польшчу. Сярод іх, у тым ліку, была і Ганна Канавалава, якая пераехала ў Польшчу з унукамі, бо маці і бацьку пасадзілі ў турму.


Таксама акцыі салідарнасці з беларусамі прайшлі сёння ў Гданьску, Кіеве, Адэсе, Тбілісі, Вільні.