Беларусы ў Берне выйшлі на акцыю салідарнасці
Увечары 10 ліпеня ў швайцарскім Берне прайшла акцыя салідарнасці з Беларуссю, на якую выйшлі паўсотні чалавек, расказалі Свабодзе ў БСДП (Грамада).
![49316858_756f_4132_ae7e_e74ca7531f41_w1023_r1_s.jpg 49316858_756f_4132_ae7e_e74ca7531f41_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/49316858_756f_4132_ae7e_e74ca7531f41_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Акцыю зладзіў актывіст «Грамады» Аляксей Мілюкоў, які быў зняволены ў Беларусі на тры гады за «маральную і фізычную шкоду супрацоўніку ДАІ».
Удзельнікі акцыі ў Берне заклікалі вызваліць палітычных зняволеных у Беларусі і правесці сумленныя выбары.
На акцыі, сцвярджае БСДП, прысутнічаў вядомы швайцарскі праваабаронца, таксама занепакоены тым, што адбываецца ў Беларусі. Ён паабяцаў прыцягнуць увагу швайцарскіх парламентарыяў і іншых праваабарончых арганізацыяў да гэтай праблемы.
Таксама на акцыі падпісалі паштоўкі для палітвязняў, «каб карная сістэма Беларусі ўбачыла, што ўвесь свет ведае пра дыктатуру ў Беларусі, і што ніводзін беларус не кіне ў бядзе свой народ».
Акцыя прайшла мірна. БСДП адзначае, што ўдзельнікаў ніхто не разганяў, «бо Швайцарыя — дэмакратычная краіна, дзе кожны мае права на сваё меркаванне і свабодна можа яго выказваць, не асцерагаючыся наступстваў, чаго на жаль, нельга сказаць сёння пра Беларусь».