Беркарар — забойца прэзідэнта

Падзенне з каня туркменскага прэзідэнта выклікала ў інтэрнэце мноства плётак наконт стану здароўя Заступніка (афіцыйны тытул Гурбангулы Бердымухамедава) і будучыні Туркменістану. Асобнай тэмай стаў лёс каня Беркарара.



original.jpg

Штогод у апошнюю нядзелю красавіка ў Туркменіі адзначаецца Дзень ахалтэкінскага скакуна. Статус свята ў грамадстве павышае той факт, што цікавасць да конегадоўлі праяўляе асабіста прэзідэнт і кіраўнік урада, уладальнік амаль афіцыйнага тытула «Аркадаг» (Заступнік), які абвясціў у краіне эпоху магутнасці і шчасця. Кіраўнік краіны, дарэчы, з'яўляецца аўтарам кнігі «Ахалтэкінец — наш гонар і слава» і кіраўніком міжнароднай асацыяцыі конегадоўлі ахалтэкінцаў.

Абавязковай часткай свята становіцца выступ прэзідэнта, які дэманструе свае навыкі вершніка і заўсёды элегантна перамагае ў фінальным забегу. Зразумела, што нумар праходзіць пад бурныя апладысменты. Аднак на гэты раз адбыўся канфуз.

На відэа, якое размясцілі ў інтэрнэце, падчас забегу ўвесь час лідзіраваў конь Гурбангулы Бердымухамедава, ён апярэджваў бліжэйшага пераследніка на паўтара корпуса. Аднак адразу па завяршэнні кіламетровай дыстанцыі конь спатыкнуўся. Туркменскі кіраўнік пераляцеў праз галаву жарабца, прызямліўся на дарожку тварам уніз і застаўся ляжаць нерухома. Да цела кінуліся некалькі дзясяткаў людзей у чорных гарнітурах. Пад'ехала «хуткая». Пасля, па словах сведкаў, прыкладна гадзіну ніякай інфармацыі не было. Усе трывожна чакалі. Раптам прэзідэнт выйшаў на поле і памахаў усім рукой. Яго віталі апладысментамі.

Самае смешнае, як гэту сцэну апісвала дзяржаўнае агенцтва ў рэпартажы, апублікаваным у той жа дзень. «Набліжаецца запаветны фініш. Асаблівая ўвага гледачоў прыкавана да Беркарара (мянушка каня), якім кіруе лідар нацыі. Побач з ім нясуцца іншыя коні, і конь кіраўніка дзяржавы робіць упэўнены рывок да перамогі... Беркарар першым перасек фінішную рысу! Публіка стоячы, бурнымі, працяглымі авацыямі вітае пераможца… У імкненні нашага нацыянальнага лідара заўсёды і ва ўсім першым дасягаць запаветнай мяжы адбіўся яго мужны характар, стойкасць, здольнасць быць наперадзе, нягледзячы ні на якія цяжкасці. У гэтай рысы характару кіраўніка нашай дзяржавы — аддаваць усе сілы ў імя дасягнення пастаўленай мэты — увасабляецца яго мэтанакіраванасць і ўпартасць, з якой ён вядзе свой родны народ і Айчыну да новых пераможных межаў эпохі магутнасці і шчасця!».

Пакуль чэсныя турменскія журналісты фантазіравалі, мясцовыя сілавікі прыклалі вялікія намаганні для таго, каб пазбегнуць пагалоскі. Гледачоў, якія прысутнічалі на іпадроме, прымушалі выдаляць зробленыя імі фатаздымкі. «EurasiaNet» піша: «Неўзабаве пасля інцыдэнту «супрацоўнікі бяспекі» пачалі прасейваць натоўп, шукаючы гледачоў, якія мелі пры сабе камеры. Іх сабралі, замкнулі ў падтрыбунным памяшканні і прымусілі сцерці фота- і відэазапісы. За тымі, хто сабраўся, назіралі добраахвотнікі студэнцкага ўзросту, каб спыніць спробу схаваць карты памяці фотаапаратаў». А ў ашхабадскім аэрапорце, як паведамляецца на апазіцыйных сайтах, у пасажыраў, якія вылятаюць за мяжу, спешна пачалі адбіраць мабільнікі і іншыя прылады, у якіх маглі захоўвацца «экстрэмісцкія», як бы сказалі ў Беларусі, здымкі. Агучваецца інфармацыя, што ў выніку хапуна злавілі дзесяць «кантрабандыстаў».

Тым не менш, ролік пра падзенне Заступніка трапіў у міравыя СМІ і адразу выклікаў шмат каментараў.

Перш за ўсё, вялікую фракцыю каментатараў складаюць людзі, якія пабачылі ў апісанай падзеі знак: «Адно папярэджанне было дадзена. Мужык не на сваім месцы. Трэба засвоіць урок», — піша блогер Чынгіз на форуме сайта «Аззатык».

Такое ўражанне, што, не будучы ў стане абвергнуць факт здарэння, туркменскія спецслужбы перайшлі да банальнага тролінгу інтэрнэт-форумаў. Да такой думкі падштурхоўвае вялікая колькасць блогераў, якія захапляюцца характарам туркменскага лідара. «Ах, які джыгіт!» «Вось гэта мужык — у 56 гадоў (узрост) сеў на каня. Які ж моцны народ — туркмены!» і г.д.

Праўда, у большасці каментараў сімпатый на адрас Гурбангулы не выказваецца. Наадварот, сустракаецца нават прапанова — перайменаваць Дзень ахалтэкінскага скакуна ў Дзень нечаканага шчасця простага туркмена. Ёсць цікавыя разважанні пра прыроду аўтарытарных рэжымаў. Так, stas-shkel адзначае: «Вось гэта і ёсць «ахілесава пятка» персаналісцкай дыктатуры: адзін неасцярожны рух — і ўся эліта страшэнна ўздрыгвае, нібы пры смерці. А астатнія жыхары, нібы сляпыя, нават і не ведаюць, што адбываецца на самай справе».

Блогер dimka-jd звяртае ўвагу на цікавыя асаблівасці скачак на Дзень ахалтэкінскага скакуна. Справа ў тым, што прызавы фонд фінальнага забегу, на якім проста абавязаны быў перамагчы прэзідэнт, склаў 11 мільёнаў долараў. Усё гэта нагадвае, на думку dimka-jd, элегантную схему дачы хабару. Сапраўды, які дурань будзе рабіць унёсак у такі фонд, ведаючы загадзя вынікі турніру? Адказ відавочны: толькі той, хто хоча падмазаць гаранта. 

Па інтэрнэту, між тым, ужо пайшлі гуляць чуткі пра сумны фінал гэтай гісторыі. Прычынай летальнага выніку магла стаць не траўма, а норавы Усходу. «Гіпатэтычна, паўгадзіны беспрытомнасці маглі апынуцца апошнімі для Аркадага. Маглі аказаць яму паслугу хутчэй адправіцца на той свет па тыпу раптоўнай смерці Бацькі ўсіх туркменаў незабыўнага Туркменбашы. Усходнія штучкі з падушкай ніхто не адмяняў», — піша блогер Баурж. Нехта лічыць, што мужчына, які вітаў публіку пасля здарэння, не Заступнік, а яго дублёр.

Праўда, усе чуткі не маюць ніякая фактычнай базы. Нават апазіцыйныя СМІ схіляюцца да таго, што траўма Бердымухамедава не будзе замінаць яму і далей выконваць функцыі прэзідэнта. Праўда, пакуль сам вялікі знавец ахалтэкінцаў працягвае адсутнічаць на публіцы. Не даюць ніякай інфармацыі наконт стану яго здароўя і афіцыйныя крыніцы.

Не прайшлі міма падзей у Туркменіі і аматары жартаў. Асобнай тэмай стаў лёс каня Беркарара, з якога зваліўся вершнік. Калі верыць гумарыстам, «МНБ (Міністэрства нацыянальнай бяспекі) раскручвае справу пра замах каня на прэзідэнта. Многія коні стайні далі прызнальныя паказанні. Арганізатару пагражае мясакамбінат».

Пры ўсіх відавочных фактах супраць Беркарара, думаецца, што яму ўсё ж нічога не пагражае. А вось у апараце МНБ галовы дакладна паляцяць. Апазіцыйныя сайты сцвярджаюць, што там ужо пачалі шукаць адказных за тое, што крамольныя запісы з падзеннем гаранта трапілі ў інтэрнэт.