Біл Гейтс разводзіцца пасля 27 гадоў шлюбу
Заснавальнік амерыканскай карпарацыі «Microsoft» Біл Гейтс і яго жонка Мелінда вырашылі развесціся. Пра сваё рашэнне пара паведаміла праз сацыяльныя сеткі.
«Пасля працяглых разважанняў і вялікай працы над нашымі
адносінамі мы прынялі рашэнне скасаваць шлюб», — гаворыцца ў заяве,
апублікаванай у Гейтса ў Twitter.
Муж і жонка паведамілі, што не бачаць перспектыў далейшага
росту «ў якасці пары». Але пры гэтым яны будуць разам працаваць у
дабрачынным фондзе. Фонд Гейтсаў займаецца барацьбой з небяспечнымі хваробамі ў
краінах, якія развіваюцца, а таксама падтрымлівае праграмы ў сферы аховы
здароўя і адукацыі ў ЗША.
Пара пражыла ў шлюбе 27 гадоў. У іх трое дзяцей.
«За 27 гадоў мы выгадавалі траіх цудоўных дзяцей і
стварылі фонд, які дапамагае людзям па ўсім свеце, каб жыць здаровым і
прадуктыўным жыццём», — гаворыцца ў сумеснай заяве.
Фінансавы бок разводу Гейтс з жонкай не раскрываюць. Варта
адзначыць, што заснавальнік «Microsoft» у цяперашні час займае чацвёртае месца ў
спісе найбагацейшых людзей свету па версіі часопіса «Forbes» ($130,5 млрд.).
Мелінда Гейтс у 2020 годзе па версіі «Forbes» займала пятае месца ў спісе самых
уплывовых жанчын свету.
Паводле «Еўрарадыё».