Бітва за Люцэрат. Дасье ў карыкатурах
Маленькае нямецкае мястэчка Люцэрат на мінулым тыдні ператварылася ў тэатр амаль баявых дзеянняў паміж кліматычнымі актывістамі і паліцыяй.
Назва мястэчка Люцэрат пад Дзюсельдорфам наўрад нешта кажа беларускаму чытачу. Аднак хутчэй за ўсё і большасць немцаў даведалася пра яго толькі зараз, хаця пра яго шмат пісалі раней у экалагічных медыя. Справа ў тым, што на тэрыторыі мястэчка знаходзіцца радовішча бурага вугалю.
Вугальныя кампаніі даўно дамагаліся пачатку яго здабычы, а гэта азначае высяленне мясцовых жыхароў і знішчэнне іх дамоў. У рэшце рэшт бізнесмены свайго дабіліся, і ў 2010-м працэс высялення пачаўся. Аднак хутка з-за глабальнага пацяплення было вырашана здабычу вугалю замарозіць.
Погляды нямецкага палітыкума змяніліся пасля пачатку вайны ва Украіне і росту коштаў на газ і нафту. У кастрычніку 2022 г. Люцэрат было вырашана канчаткова знесці пад вугальны кар’ер, які мела капаць кампанія RWE. Рашэнне грамадству не спадабалася, а мастакі ўвогуле выяўлялі фірму RWE ледзь не як смяротную пачвару.

Між тым высветлілася, што пашырэнне гэтай вугальнай шахты мае вялікае значэнне для актывістаў па барацьбе са змяненнем клімату. Яны сцвярджаюць, што працяг спальвання вугалю для атрымання энергіі павялічыць выкіды, якія выклікаюць пацяпленне планеты.
Тым часам хоць у Люцэраце людзей з хат выселілі, пустымі дамы не засталіся. У памяшканні пачалі ўсяляцца кліматычныя актывісты. Да канца 2022 года на захопленых імі фермах, у палатках і дамах на дрэвах пражывала ўжо сотня эколагаў. Каб выратаваць вёску, пачалася кампанія пад назвай «Lützerath lebt» («Люцэрат жыве»). Вялікі рэзананс выклікала гісторыя, калі нейкі экалагічны актывіст выйграў 50 000 еўра на тэлешоу. Атрымаўшы прыз, ён тут жа паабяцаў патраціць грошы на скупку зямлі ў вёсцы і яе абарону.Паколькі ў апошні час кліматычныя актывісты любяць прыклейваць сябе да нейкіх аб'ектаў, адзін з карыкатурыстаў удала высмеяў мабілізацыю экалагістаў. На яго малюнку ў Люцэрат едзе цыстэрна з клеем.

У першы тыдзень студзеня 2023 года пачаўся дэмантаж барыкад на пад'язных шляхах. Гэта прывяло да сутыкненняў, у якіх пацярпелі людзі. Падзеі ў Люцэраце выклікалі агульнанацыянальны рэзананс. У тым ліку таму, што сярод пратэстоўцаў заўважылі апранутага як сярэднявечны вядзьмак. Тэма таго, што чараўніцтва на баку эколагаў, вельмі спадабалася ў тым ліку карыкатурыстам.

Як часта бывае, крытыкі ўрада гіпербалізавалі сітуацыю. На гэтым малюнку з радыкальнага СМІ два белыя мядзведзі — ахвяры кліматычных зменаў канстатуюць: «Калі Люцэрат не выстаіць, то наступнымі будзем мы». З іншага боку, доля праўды ў гэтым ёсць. Буры вугаль лічыцца найболей забруджвальным відам вугалю, які сам па сабе з'яўляецца самым брудным выкапнёвым палівам.

Пратэсты станавіліся ўсё больш маштабнымі. Па даных ахоўнікаў парадку, у некаторых сутыкненнях бралі ўдзел да 15 тыс. дэманстрантаў. Арганізатары супраціву ўвогуле кажуць пра 35 тыс. пратэстоўцаў, не абышлося без раненняў. У ФРГ на паліцэйскі гвалт публіка рэагуе вельмі востра. Адразу пачалася крытыка МУС у тым ліку і з боку графікаў. На гэтым малюнку спецназ выносіць «прававую дзяржаву» у тым жа стылі, як выносіў эколагаў з барыкад пад Люцэратам.

Сярод кліматычных актывістаў, затрыманых падчас акцыі пратэсту супраць зносу нямецкай вёскі, была і вядомая шведская экаактывістка Грэта Тунберг. Перад тым, як яе затрымалі, яна звярнулася да пратэстоўцаў, якія прайшлі маршам у бок Люцэрата, назваўшы пашырэнне шахты «здрадай цяперашняму і будучым пакаленням». Пазней яе бачылі падчас разгону мітынгу. Паліцыянтам прыйшлося несці дзяўчыну на руках у аўтобус з іншымі затрыманымі. Яе і іншых актывістаў адпусцілі пасля праверкі асоб.
Прэса, дарэчы, мяркуе, што цяперашні прыезд Тунберг у ФРГ звязаны са спробай ізноў прыцягнуць увагу да сябе. Апошнім часам, асабліва пасля яе выступлення ў абарону атамных электрастанцый, увага да экаактывісткі прыкметна паменшала. Залежнасць Грэты ад медыя арыгінальна выявіў адзін з мастакоў.

Зараз Люцэрат поўнасцю зачысцілі, але гісторыя наўрад ці скончылася. Перш за ўсё таму, што падзеі ў Люцэраце негатыўна адбіваюцца на рэйтынгах партыі «Саюз90/Зялёных», якія з'яўляюцца ўдзельнікам урада Олафа Шольца і падтрымалі праект RWE. Паводле апошніх апытанняў, за прадстаўнікоў гэтай партыі гатовы зараз галасаваць усяго 17% выбаршчыкаў, у той час як яшчэ нядаўна «Зялёных» падтрымлівалі каля 22-24%.
Акрамя таго многія дэпутаты і шараговыя актывісты партыі Зялёных удзельнічалі ў пратэстах у Люцэраце і крытыкуюць сваё кіраўніцтва, што ў перспектыве можа выклікаць крызіс як унутры партыі, так і перастаноўкі ўнутры ўрада.
Высмейваючы апартунізм «Зялёных», адзін з мастакоў адлюстраваў аднаго з лідараў партыі, які таксама прымае ўдзел у разгоне дэманстрантаў у Люцэраце.

Таксама каментатары адзначаюць, што апошнім часам у той жа Еўропе вырасла колькасць экстрэмісцкіх акцый з экалагічным падтэкстам. Люцэрат, верагодна, яшчэ больш радыкалізуе групоўкі, якія змагаюцца супраць змены клімату. На гэтым малюнку белы мядзведзь таксама абвяшчае сябе сябрам «Extinction Rebellion» — вядомай радыкальнай групоўкі кліматычных актывістаў.
