Бельгію выратуюць «Чырвоныя д’яблы»

Лёс Бельгіі як адзінай краіны залежыць ад таго, як згуляе яе зборная на чэмпіянаце свету па футболе. Футбол прымушае верыць у перамогу, у тым ліку і ў перамогу ідэі бельгійскай дзяржаўнасці.



260605_330x248.jpg

Прыкладна год таму ў Бельгіі нарадзіўся жарт: «Адзінства Бельгіі цягнецца толькі 90 хвілін». Жарт звязаны з сацыяльна-культурным феноменам бельгійскай футбольнай зборнай. Яе фантастычная гульня на кваліфікацыйным этапе цяперашняга чэмпіянату свету прымусіла валонцаў і фламандцаў (асноўныя этнічныя камуны ў краіне) забыць пра ўзаемныя прэтэнзіі і зноў горда называць сябе бельгійцамі. Журналісты нават заўважылі на вуліцах фламандскіх гарадоў бельгійскія сцягі, чаго тут не назіралася на працягу дзесяцігоддзяў. 
Статыстыка гульняў «Чырвоных д’яблаў» на шляху ў Бразілію ўражвае. Каманда не прайграла ніводнага матчу. Паводле кваліфікацыі FIFA, напярэдадні Кубка свету ў рэйтынгу самых моцных футбольных каманд Бельгія займала 11-ю пазіцыю. Спартовыя каментатары сцвярджаюць, што цяперашняй бельгійскай зборнай па сілах паўтарыць поспех 1986 года ў Мексіцы, калі бельгійцы, разграміўшы спачатку зорную зборную СССР, а пасля і зборную Іспаніі, прарваліся ў паўфінал Кубка свету. 

«Чырвоныя д’яблы» прыйшлі на дапамогу бельгійскаму адзінству ў самы цяжкі для яго час. У 2010–2011 гадах краіна перажыла самы зацяжны ўрадавы крызіс. На працягу 451-го дня ў краіне адсутнічаў урад. Галоўным фактарам крызісу быў сабатаж з боку фракцый фламандскіх нацыяналістаў.


У выніку, праўда, палітыкі здолелі склеіць кабінет, які давёў краіну да новых выбараў, што былі прызначаныя на 25 мая гэтага года. Паколькі 25 мая Бельгія абірала яшчэ мясцовых дэпутатаў і дэпутатаў Еўрапарламента, у прэсе той дзень ахрысцілі Supersunday (супернядзеля). 
Supersunday разглядаўся фламандскімі нацыяналістамі як дзень-рэквіему па адзінай Бельгіі. Барт дэ Вефер, лідар партыі Новы Фламандскі альянс, загадзя назваў 25 мая днём рэферэндуму па пытанні незалежнасці рэгіёну. Магчыма, у іншы час выбарчая кампанія магла скончыцца перамогай сепаратыстаў, што, адпаведна, выклікала б новы ступар дзяржаўных інстытутаў Бельгіі. Аднак нечакана для ўсіх у працэс умяшаўся Яго Вялікасць Футбол. На фоне неверагодных перамог бельгійскай зборнай папулярнасць сепаратысцкіх лозунгаў пачала падаць. 
Сацыёлагі засведчылі цікавую рэч. Футбол здолеў інтэграваць, здавалася б, абсалютна розныя палітычныя культуры валонцаў і фламандцаў. Апошнія сімпатызуюць ліберальным каштоўнасцям і ўбачылі ў гульні футбалістаў доказ вернасці дактрынам лібералізму. Маўляў, паколькі футбалісты — добрыя прафесіяналы, яны і гуляюць цудоўна. У той жа час валонцы, якія традыцыйна галасуюць за левыя партыі, лічаць, што сакрэт перамог «Чырвоных д’яблаў» у калектыўнай арганізацыі. Таксама ў камандзе гуляе шмат бельгійцаў, які паходзяць з сем’яў афрыканскіх імігрантаў. Шмат каму такі склад каманды ў мініяцюры нагадвае  сучасную Бельгію. 
Футбалісты аказаліся ўцягнутымі ў вялікую палітыку. Іх шчырыя заявы, накшталт: «Бельгія належыць усім», — нечакана аказаліся больш пераканаўчымі для электарату, чым аргументы прафесійных палітыкаў з лагеру сепаратыстаў. Рэйтынг фламандскіх нацыяналістаў таксама падкасіла і ўпартае нежаданне некаторых лідараў Новага Фламандскага альянсу падтрымліваць футбалістаў зборнай.


Так, спікер парламенту Бельгіі назваў заўзятараў «Чырвоных д’яблаў» «смешнымі людзьмі», што адразу адлюстравалася на папулярнасці яго партыі.


Не дарма за некалькі тыдняў да галасавання Барт дэ Вефер нечакана змяніў стратэгічны план развалу краіны. Галоўнай задачай для Новага Фламандскага альянсу стала фармаванне кааліцыйнага ўраду, які трансфармуе краіну ў канфедэрацыю. А ад канфедэрацыі, па словах Барта дэ Вефера, і да поўнай незалежнасці Фландрыі рукой падаць.  
Трэба прызнаць, што на выбарах 25 мая Новы Фламандскі альянс здолеў перамагчы. Партыя атрымала 31 працэнт галасоў выбаршчыкаў, захаваўшы за сабой статус самай моцнай фламандскай партыі і самай папулярнай партыі ва ўсёй Бельгіі. Аднак для фармавання кааліцыі мандатаў сепаратыстам не хапіла. Ёсць меркаванне, што новы ўрад будзе сфармаваны на базе партый валонскіх сацыялістаў, фламандскіх лібералаў і хрысціянскіх дэмакратаў. Кароль ужо даў згоду на фармаванне ўраду. Цяпер ідуць міжпартыныя кансультацыі. 
Фламандскія нацыяналісты мабілізуюць усе сілы на тое, каб сарваць перамовы з патэнцыйнымі кааліцыянтамі. Яны прапануюць хрысціянскім дэмакратам і лібералам праграму комплекснай трансфармацыі бельгійскай эканомікі, дзе шмат рэліктаў сацыяльнай палітыкі 1970-х гадоў. А гэта тармозіць перамоўны працэс.
На думку палітолагаў, шмат у чым тэмп фармавання новага кабінета будзе залежыць ад вынікаў «Чырвоных д’яблаў» на чэмпіянаце свету па футболе. Поспех футбалістаў пачаў успрымацца ў масах не як спартыўны вынік, а як доказ таго, што народ можа мяняць гісторыю. Логіка такая: простыя хлопцы могуць рабіць добра для краіны, таму што іх аб’ядноўвае адзінае вялікая мэта, а не прагматычныя карысныя інтарэсы, уласцівыя палітычнай карумпаванай эліце.   
Такая ўстаноўка нарадзілася ў бельгійскім грамадстве не толькі дзякуючы футболу, але таксама дзякуючы поспехам бельгійцаў у іншых сферах. Апошнім часам назіраецца ўсплёск сусветнай папулярнасці бельгійскіх музыкантаў, комікаў, мастакоў. Узнікла абсалютна новая атмасфера веры людзей у сваю краіну, якая можа захаваць адзінства і абнавіцца.

«Футбольная зборная — гэта апошні цэмент бельгійскай дзяржаўнасці»; «Пакуль гуляе зборная, Бельгія будзе адзінай», — такімі загалоўкамі праводзіла брусэльская прэса «Чырвоных д’яблаў» у Бразілію. 


Ёсць і крытычныя каментары наконт таго, што адбываецца ў Бельгіі. Сацыёлаг Марк Джакеман лічыць, што за верай у сілу футбола стаіць звычайная медыя-гістэрыка. Відавочна, што як бы добра Бельгія не згуляла за акіянам, футбол не здольны мяняць эканамічныя інстытуты — базу для палітычнай надбудовы. Сацыёлаг заклікае суайчыннікаў як мага хутчэй перастаць верыць у футбольныя ілюзіі, каб пасля не стаць іх ахвярамі. 
Аднак пакуль такія адзінокія галасы тонуць у акіяне татальнага футбольнага энтузіязму. І гэта лагічна. Футбол па сваёй прыродзе прымушае верыць у перамогу, у тым ліку і ў перамогу ідэі бельгійскай дзяржаўнасці.