Blue Origin пачне прадаваць квіткі касмічным турыстам у 2019 годзе
Аэракасмічная кампанія Blue Origin плануе пачаць прадаваць квіткі на палёты ў космас у 2019 годзе. Пра гэта заявіў на саміце ў Вашынгтоне Роб Майерсан, старэйшы віцэ-прэзідэнт кампаніі.
Blue Origin — прыватная аэракасмічная кампанія, якая спецыялізуецца на субарбітальным касмічным турызме. Для гэтага яна пабудавала і ўжо некалькі гадоў тэстуе сістэму New Shepard, якая складаецца з шматразовай ракеты-носьбіта і пасажырскай капсулы. Ракета падымае капсулу вышэй лініі Кармана (умоўная мяжа космасу на вышыні 100 кіламетраў), пасля чаго капсула адлучаецца і абедзьве часткі сістэмы прызямляюцца незалежна адзін ад аднаго.
У 2015 годзе Blue Origin упершыню вертыкальна пасадзіла для паўторнага выкарыстання ракету-носьбіт, які пабываў у космасе, і з таго часу ўжо некалькі разоў паўтарала падобныя выпрабаванні, а таксама пачала тэставаць пасажырскую капсулу другой версіі, з вялікімі ілюмінатарамі. Кампанія ўжо восем разоў запускала New Shepard, аднак да гэтага часу ў космас зляталі толькі дафніі і манекен. У 2016 годзе паведамлялася аб планах па запуску першых турыстаў у 2018 годзе, аднак затым тэрміны перанесліся на красавік 2019.
Зараз стала вядома, што Blue Origin плануе пачаць пілатуемыя запускі «хутка», аднак першымі пасажырамі падчас выпрабавальных палётаў стануць супрацоўнікі кампаніі, і ўжо пасля праходжання ўсіх выпрабаванняў New Shepard прыме на борт касмічных турыстаў на камерцыйнай аснове. Дакладных тэрмінаў палётаў пакуль не паведамляецца, аднак Роб Майерсан, старэйшы віцэ-прэзідэнт кампаніі, заявіў, што на працягу 2019 года плануецца пачаць афіцыйна прадаваць квіткі.
Дагэтуль невядома, колькі будзе каштаваць білет, і калі кліенты Blue Origin паляцяць у космас. У той жа час, прамы канкурэнт Blue Origin, кампанія Virgin Galactic, прадае квіткі ўжо некалькі гадоў, і пры гэтым усё яшчэ тэстуе касмаплан VSS Unity, які нядаўна здзейсніў другі палёт на сваіх рухавіках (першы карабель з серыі SpaceShipTwo, VSS Enterprise, пацярпеў крушэнне падчас выпрабавальнага палёту ў 2014 годзе.).
Паводле nplus1.ru