Брэсцкія ўлады «замарозілі» пабрацімскія адносіны з Кувордэнам (Нідэрланды)
Рашэнне аб «замарозцы» прынята 10 снежня на сесіі гарадскога савета дэпутатаў. Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук.
![Фота Вікіпедыя Фота Вікіпедыя](/img/v1/images/coevorden_het_arsenaal.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Вікіпедыя
«Упершыню ідзем на такі вымушаны крок. У рамках пабрацімскіх адносін з Кувордэнам, якія былі ўсталяваныя ў 2000 годзе, закладзена нямала добрых ініцыятыў. На жаль, у апошнія паўтара года кіраўніцтва горада-пабраціма спрабавала выйсці за рамкі дзеючага двухбаковага пагаднення, распачаўшы шэраг недружалюбных крокаў, уключаючы "замарозку" партнёрскіх адносін з афіцыйным Брэстам.
У выніку – толькі што на сесіі гарадскога савета дэпутатаў прынята адказнае рашэнне. У бліжэйшы час накіруем апавяшчэнне ў адрас уладаў Кувордэна пра "замарозку" нашых адносін», – цытуе тэлеграм-канал Аляксандра Рагачука «Брестская газета».
Мэр нідэрландскага Кувордэна Берт Баўмейстэр адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года адправіў Аляксандру Рагачуку ліст з просьбай садзейнічаць дэмакратычным зменам і не адказваць на мірны пратэст сілай. У канцы года Кувордэн даслаў брэсцкім уладам яшчэ адзін ліст.
«Пераарыентацыя нашых пабрацімскіх сувязяў з палітычнага пункту гледжання стане непазбежнай у выпадку, калі жорсткія падаўленні не спыняцца ў бліжэйшы час. Я звяртаюся да вас, Аляксандр Сцяпанавіч, і да кіраўніцтва Брэсцкага гарвыканкама з просьбай не заходзіць так далёка», – гаварылася ў лісце з Кувордэна, які быў апублікаваны ў снежні 2020 г.
Адказу ні на адзін са сваіх зваротаў ні публічна, ні ў афіцыйнай перапісцы Нідэрландскі горад-пабрацім не атрымаў.
«Таму мы замарозілі ўсе дамоўленасці аб супрацоўніцтве, якое да гэтага часу прасоўвалася даволі паспяхова. Але мы застаемся горадам-пабрацімам Брэста, то-бок жыхароў горада. Мы партнёры берасцейцаў, а не ўладаў Берасця, якія не ўлічваюць іх правы і інтарэсы», — так казаў у асабістай гутарцы з журналісткай з Берасця мэр Кувордэна.