Буйная тыпаграфія ў ЗША сутыкнулася з кібератакай
У Злучаных Штатах 29 снежня з прычыны кібератакі са спазненнем выйшлі некалькі буйных газет, якія належаць выдавецкаму дому Tribune, у тым ліку Los Angeles Times, The Chicago Trubune І The Baltimore Sun, паведамляе Радыё Свабода.
Была парушаная праца і іншых выданняў, якія друкуюцца ў тых жа друкарнях, што і Los Angeles Times — гаворка ідзе ў тым ліку аб прызначаных для Заходняга ўзбярэжжа выпусках The New York Times і Wall Street Journal.
28 снежня ў кампутарных сетках Tribune быў знойдзены вірус, які распаўсюдзіўся на платформы, прызначаныя для публікацыі кантэнту ў інтэрнэце і падрыхтоўкі друкаваных версій газет. Выхад газет 29 снежня ў сярэднім затрымаўся на некалькі гадзін.
Як паведамляе Los Angeles Times, спэцыялісты перакананыя, што кібератака была здзейсненая з-за мяжы. Пакуль, аднак, няма дадзеных пра тое, хто менавіта яе здзейсніў, ці стаіць за ёй замежная дзяржава або якая-небудзь хакерская групоўка.
У заяве карпарацыі Tribune гаворыцца, што няма інфармацыі аб тым, што былі выкрадзены персанальныя дадзеныя падпісантаў. Крыніца ў карпарацыі заявіла, што мэтай кібератакі было парушыць працу кампутарных сістэм, а не выкрасці дадзеныя.
Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША пачало расследаванне здарэння.