Ціханоўская, Цапкала і Калеснікава намінаваныя на прэмію «За свабоду думкі» імя Сахарава

Сацыял-дэмакратычная фракцыя Еўрапейскага парламенту намінавала Святлану Ціханоўскую, Марыю Калеснікава і Вераніку Цапкала на праваабарончую прэмію імя Сахарава. Інфармацыя пра гэта апублікаваная на афіцыйным партале S & D, піша Свабода.

630_360_1563445603_665.jpg


«Уражаныя няспыннымі мірнымі дэмакратычнымі пратэстамі ў Беларусі супраць сфальсіфікаваных выбараў 9 жніўня, мы глыбока перакананыя, што сёлетняй прэміяй Сахарава трэба ўганараваць адважных беларускіх жанчын, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю ў сваёй краіне, — заявіла ў сераду намесніца кіраўніка групы S&D Каці Піры.
Яна дадала, што сацыял-дэмакратычная фракцыя Еўрапарламенту знаходзіцца на баку народа Беларусі і асуджае падаўленне пратэстаў уладамі.
Прэмія «За свабоду думкі» імя Сахарава штогод уручаецца Еўрапейскім парламентам асобам, якія зрабілі «выключны ўнёсак у барацьбу за правы чалавека па ўсім зямным шары».
У апошнія гады яе атрымлівалі Ільхам Тохці (2019), Алег Сянцоў (2018), Дэмакратычная апазіцыя Венесуэлы (2017). Сярод беларусаў прэміяй Сахарава былі ўзнагароджаны Беларуская асацыяцыя журналістаў (2004) і Аляксандр Мілінкевіч (2006).