Дактары: прэзідэнт Чэхіі Земан не здольны выконваць свае функцыі

Пра гэта 18 кастрычніка паведаміў старшыня Сената Чэхіі Мілаш Выстэрчыл, спасылаючыся на заключэнне дактароў Цэнтральнага вайсковага шпіталя, у якім Мілаш Земан знаходзіцца на лячэнні.

Прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан

Прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан


Выстэрчыл дадаў, што дактары ацэньваюць доўгатэрміновы прагноз пацыента як надзвычай няпэўны і лічаць вяртанне Земана да выканання прэзідэнцкіх абавязкаў малаімаверным.
Мілаша Земана шпіталізавалі ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі гэтага шпіталя 10 кастрычніка. Дырэктар шпіталя Міраслаў Заварал заявіў чэшскім СМІ, што прэзідэнта лечаць ад вядомай ім хранічнай хваробы. Як паведамлялі тады чэшскія СМІ і каментатары, у Земана сур’ёзная форма дыябету і неўрапатыя ніжніх канечнасцей.
Шпіталізацыя Земана ўскладніла фарміраванне новага ўрада ў Чэхіі пасля парламенцкіх выбараў 8–9 кастрычніка, бо ў найбліжэйшым часе, як выглядае, ён не зможа ні зацвердзіць адстаўку старога ўрада, ні прапанаваць новы.
У выніку пост прэм’ера яшчэ няпэўны час будзе займаць лідар кіруючай партыі мільярдэр Андрэй Бабіш, нягледзячы на тое, што палітолвгі называюць яго пераможаным на выбарах. А кіраўнік пераможнай кааліцыі не можа ўзначаліць урад як мінімум да моманту паляпшэння здароўя прэзідэнта. Новы парламэнт пакуль таксама не сабраўся на пасяджэнне, а значыць, не можа ні сфармаваць новы ўрад, ні прыняць рашэнне аб адстаўцы Земана ў сувязі са станам яго здароўя, каб перадаць функцыі прэзідэнта іншым палітычным суб’ектам.