Дасье ў карыкатурах і фотажабах: Справа чырвонага браканьера

Да адвечных расійскіх пытанняў «Хто вінаваты?» і «Што рабіць?» дадалося трэцяе: «Ці забіваў Валерый Рашкін лася?»


Валерый Рашкін — дэпутат Дзярждумы ад КПРФ, быў затрыманы 29 кастрычніка пад Саратавам нападпітку за рулём сваёй машыны ў кампаніі таварыша, вядомага сваімі мінулымі крымінальнымі сувязямі. У багажніку машыны быў знойдзены забіты лось. Знаходка адразу стала тэмай шматлікіх мэмаў і фотажаб.

1_503.jpg

Сам палітык заявіў, што стаў ахвярай правакацыі. Паводле яго слоў, гуляючы ноччу па саратаўскім лесе, цвярозы як шкло, ён спудзіў нейкіх падазроных людзей, якія збеглі, пакінуўшы тушу мёртвага лася. Рашкін забраў тушу, каб пасля зразумець, што яе яму спецыяльна падкінулі, каб дыскрэдытаваць. Праўда, большасць аўдыторыі адразу палічыла, што гэта недарэчная адмазка. Што тут жа знайшло адлюстраванне ў фотажабах.

2_460.jpg


Аднак аказалася, што справа не такая простая. Ліберальныя СМІ прыгадалі, што Рашкін з'яўляецца лідарам гэткай пратэснай часткі КПРФ. На нядаўніх пратэстах ён найбольш яскрава выступаў супраць вынікаў электроннага галасавання. Ужо тады афіцыёз, у тым ліку з дапамогай карыкатур, спрабаваў фармаваць негатыў у стаўленні да камуніста.

3_413.jpg


Паўстала версія, што Рашкін сапраўды стаў мішэнню правакацыі ФСБ. На яе карысць гаворыць цікавы факт. На месцы затрымання палітыка адразу апынуліся журналісты пуцінскіх медыяў. Навіна аб злосным ласіным чырвоным браканьерстве тут жа разляцелася па праўладных тэлеграм-каналах. Аматары гэтай версіі таксама спрабавалі ўмацаваць яе графікай.

4_389.jpg

Між тым, на мінулым тыдні гісторыя з «Запісак паляўнічага-камуніста» дасягнула апагею. Пад пагрозай выключэння з фракцыі Рашкін прызнаўся, што сапраўды забіў лася. Але зрабіў ён гэта, калі яму верыць, па памылцы, зблытаўшы яго з дзіком. Больш за тое, ён, паводле яго слоў, спрабаваў усімі сіламі выратаваць параненую жывёлу, робячы ёй непрамы масаж сэрца і штучнае дыханне. Камуніст нават нібыта хацеў даставіць параненага прадстаўніка фаўны ў шпіталь. Споведзь выклікала проста бум жартаў у сацсетках.

5_359.jpg

6_248.jpeg


Цяпер усё ідзе да таго, што Рашкіна пазбавяць мандата і можа нават пасадзяць за браканьерства. Зрэшты, гісторыя можа мець больш цікавыя наступствы праз дзіўны феномен. Франтальная крытыка Рашкіна з боку пуціністаў прыцягнула да яго сімпатыі шматлікіх расіян. Таму нават калі браканьера пасадзяць, ён можа стаць нефармальным лідарам апазіцыі. Вось так дастаў іх ВВП! Некаторыя ўжо прыдумалі трошкі непаліткарэктную сімволіку новай рашкінскай кампартыі.

7_171.jpg


Што атрымаецца — пабачым, але агульная мараль гісторыі ўжо відавочная: паважайце і не крыўдзіце жывёлаў! Як сведчыць прыклад Рашкіна, даражэй каштаваць будзе.