Джуліяна Асанжа вызвалілі ў зале суда. Справа супраць яго спыненая
Адвакат Асанжа паведаміў, што дзейнасць WikiLeaks будзе працягнутая.

Джуліян Асанж. Чэрвень 2024. Фота Reuters
У рамках здзелкі з Мінюстам ЗША 52-гадовы заснавальнік WikiLeaks паўстаў перад судом на Паўночных Марыянскіх выспах (тэрыторыя ЗША ў Ціхім акіяне) і прызнаў віну па адным з 18 пунктаў абвінавачання ў парушэнні закона аб шпіянажы, перадае CNN.
«Працуючы журналістам, я заклікаў сваю крыніцу прадставіць інфармацыю, як сцвярджаецца, засакрэчаную, каб апублікаваць яе. Я лічу, што Першая папраўка [да Канстытуцыі ЗША аб свабодзе слова] абараняе гэтую дзейнасць…
Я лічу, што Першая папраўка і закон аб шпіянажы супярэчаць адзін аднаму, але я разумею, што выйграць такую справу будзе складана», — сказаў Ассанж у судзе.
Суддзя Рамона Манглона прыгаварыла Ассанжа да 62-месячнага зняволення, якое ён ужо адбыў у брытанскай турме, і пастанавіла вызваліць яго ў зале суда. «Вы зможаце выйсці адсюль свабодным чалавекам», — сказала суддзя Асанжу.
Пасля гэтага заснавальнік WikiLeaks вылецеў у Аўстралію, грамадзянінам якой ён з'яўляецца. Яму забаронена вяртацца на амерыканскую тэрыторыю. Адвакат Асанжа паведаміў, што дзейнасць WikiLeaks будзе працягнутая.
Глядзіце таксама

WikiLeaks публікавала дыпламатычныя дэпешы амерыканскіх пасольстваў, дакументы аб вайне ў Іраку і Афганістане. З-за гэтага ўлады ЗША абвінавацілі Асанжа ў парушэнні закона аб шпіянажы. Яму пагражала больш за 100 гадоў турмы.
З 2012 года Ассанж хаваўся ў пасольстве Эквадора ў Лондане, але ў 2019 годзе брытанская паліцыя арыштавала заснавальніка WikiLeaks. З тых часоў у Лондане працягваліся слуханні аб экстрадыцыі Асанжа ў ЗША.