Фіджы. Ватыкан. Коста-Рыка.

Фіджы. Ультыматум дыктатуры

Фіджы. Ультыматум дыктатуры

Высвятляецца, што Захад можа быць радыкальным і катэгарычным у адносінах з дыктатурамі. ЗША і 16 краін Еўропы, Ціхага Акіяну, Азіі патрабавалі ад вайсковых путчыстаў, якія захапілі ўладу на Фіджы (дзяржава-востраў у Ціхім акіяне), каб тыя да 1 мая абвясцілі дату правядзення свабодных выбараў. 6 снежня 2006 года дэмакратычна абраны ўрад быў скінуты вайскоўцамі пад кіраўніцтвам палкоўніка Баінірама. Пад ціскам міжнароднай супольнасці дыктатар паабяцаў правесці свабодныя выбары ў пачатку 2009-га, аднак потым пра абяцанне чамусьці забыўся. Больш таго, падчас вайсковага параду, які адбыўся тыдзень таму, Баінірама нечакана заявіў, што краіна не гатовая да дэмакратычных выбараў і, магчыма, трэба пачакаць яшчэ гадоў дзесяць. Такая заява выклікала жорсткую рэакцыю Аўстраліі і Новай Зеландыі — вядучых краін гэтага рэгіёну. Прэм’ер Новай Зеландыі нават заклікаў увесці візавыя санкцыі супраць прадстаўнікоў хунты. У сваю чаргу, урад Фіджы вырашыў выслаць з вострава ўсіх журналістаў аўстралійскіх і новазеландскіх СМІ. Аднак нават калі выбары і адбудуцца, яны не змогуць вырашыць галоўны канфлікт. На Фіджы назіраецца сутыкненне інтарэсаў дзвюх этнічных груповак: нашчадкаў гастарбайтэраў з Індыі (іх большасць), і тубыльцаў, якія складаюць на востраве меншасць. Праблема ў тым, што апошнія традыцыйна любяць служыць у войску і не любяць дэмакратычны ўрад, які абапіраецца на галасы індусаў. Этнічны канфлікт быў прычынай ужо чатырох пераваротаў у краіне. Дарэчы, раней, каб павысіць нараджальнасць, правадыры плямёнаў доўгі час забаранялі продаж у вясковых крамах прэзерватываў.

Ватыкан. Амністыя для антысемітаў

Здарыўся новы канфлікт паміж Ватыканам і яўрэйскай грамадай. Ватыкан ануляваў г. зв. “экскамюніке, якое было прынята ў 1988 годзе і тычылася аднаго з утраправых каталіцкіх саюзаў — Лефеврыстычнага братэрства святога Пія Х. Экскамюніке — гэта нешта кшталт вымовы. А атрымала яго братэрства за тое, што адзін з яго сябраў — біскуп Рычард Вільямсан — адмаўляўся прызнаваць факт Халакосту. Адмена таго экскамюніке цяперашнім Папай Бенедыктам выклікала хвалю пратэстаў як з боку яўрэйскіх арганізацый, так і саміх каталікоў. Больш таго, рашэнне Папы справакавала разборкі ў самім апараце Ватыкана. Так, кардынал Вальтэр Каспер, які адказвае за стасункі касцёла з іншымі канфесіямі, не быў праінфармаваны адносна такой пастановы. Галоўны рымскі рабін ужо запатрабаваў ад Бенедыкта публічнай заявы на тэму Халакосту. Між тым, калі верыць плёткам, якія з’явіліся ў нямецкай прэсе, учынак Папы быў зроблены менавіта дзеля таго, каб прымусіць лефеврыстаў адмовіцца ад антысемітызму. Пакуль, аднак, цяжка ўявіць, што такое магчыма, калі браць пад увагу перакананні Марселя Лефевра — заснавальніка братэрства. Ён падтрымліваў супрацоўніцтва касцёлу з нацыстамі, адкрыта выказваўся пра яўрэяў як пра “ворагаў хрысціянства. Сябры братэрства таксама часта дапамагалі былым функцыянерам рэжыму Вішы, адказным за забойствы мірнага насельніцтва, хавацца ад правасуддзя. Дзякуючы падтрымкі братчыкаў паліцыя Францыі знайшла аднаго з былых супрацоўнікаў гестапа толькі ў 1989 годзе.

Коста-Рыка. Палітычны прытулак за кошт 10 кілаграмаў

Рохіа Перэс, саракагадовы грамадзянін Кубы, паказаў прыклад усім палітычным эмігрантам, якія просяць права на прытулак. Ён умудрыўся пражыць у тэрмінале аэрапорта сталіцы Коста-Рыкі 53 дні (!). Не выходзячы з зоны тэрміналу, ён прасіў палітычны прытулак, паколькі, па яго словах, не жадае жыць пры камуністычнай дыктатуры Кастра. Па закону Рохіа павінен быў выйсці за межы аэрапорту і прасіць афіцыйнага дазволу на прытулак. Аднак у выпадку адмовы гэта пагражала б яму прымусовай дэпартацыяй на Кубу, дзе за падобныя выбрыкі, натуральна, па галоўцы не пагладзілі б. Таму Рохіа патрабаваў прытулку не выходзячы з зоны аэрапорта, які лічыцца нейтральнай тэрыторыяй. Больш таго, кубінец, што не меў сродкаў на існаванне і харчаванне, пражыў у тым адсеку амаль два месяцы. У выніку Рохіа даканаў улады. Міністр унутраных спраў Коста-Рыкі асабіста прыехаў у аэрапорт і выдаў яму дакументы, якія сведчаць, што ён палітычны эмігрант. Праўда, эпапея ў тэрмінале каштавала Рохіа здароўя. Ён схуднеў на дзесяць кілаграмаў. На момант прылёту ў Коста-Рыку ён важыў 90 кілаграмаў.