Філасофія міласэрнасці
Дапамогу гэтых людзей фронту можна адлюстраваць тонамі канкрэтных рэчаў і
сотнямі тысяч выдаткаваных на гэта грыўняў, аднак яшчэ не было
ніводнага выпадку, каб іх абвінавацілі ў несумленнасці.
Калі майго добрага сябра Аляксандра Фядуту папрасілі зладзіць сустрэчу
беларускіх журналістаў з валанцёрскім фондам, ён амаль адразу спыніў
свой выбар на паплечніках Дыяны Макаравай, чыя рэпутацыя за час
дзейнасці склалася ўзорна-бездакорнай.
Махляры як інфармацыйная зброя
Зараз па ўсім Кіеве гучаць папярэджанні не верыць махлярам, якія збіраюць «дапамогу на вайну», а карыстацца праверанымі структурамі.
Гэта праблема для сучаснай Украіны: шкоды хапае не толькі ад махлярства, але і ад таго, як яно падаецца грамадству. У пазамінулым годзе быў літаральна ўсплёск інфармацыйнай вайны супраць валанцёраў. «УКантакце» і «Аднакласнікі» кішэлі кампраматам, дзе ўсе ўкраінскія валанцёры падаваліся не інакш як прайдзісветы.
У тым, што гэта была спланаваная і скаардынаваная акцыя фээсбэшных троляў, практычна ні ў каго сумневу няма. Заўважу толькі, што для правакацый (якія, на жаль, часам мелі пад сабой глебу) былі абраныя менавіта гэтыя сацыяльныя сеткі, а не папулярны сярод моладзі «Фэйсбук».
Калі верыць сацыёлагам, сярод валанцёраў дамінуюць людзі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. Звычайна яны аддаюць перавагу «Фэйсбуку». У «УКантакце» і «Аднакласнікаў» аўдыторыя іншая: больш сталае пакаленне, якое не адвыкла верыць прапагандзе і амаль не падтрымлівае валанцёраў. Да таго ж, у гэтых сацсетак склалася даволі агідная рэпутацыя «пракрамлёўскіх рупараў».
Такім чынам, дзіда кампрамату была накіравана зусім не туды, дзе быў эпіцэнтр грамадскай дапамогі фронту.
З паспяховых жанчын — у валанцёры
У недалёкім мінулым Дыяна Макарава — галоўны рэдактар украінскага сегмента livejournal. Рашэнне сысці з пасады нарадзілася на Майдане і матэрыялізавалася 22 студзеня 2014 года, калі снайпер забіў яе сябра Сяргея Нігаяна. Наступнай ахвярай, як вядома, стаў беларус Міхаіл Жызнеўскі.
Лагічна, што на Майдане Дыяна была намесніцай камандзіра так званай «інфармацыйнай сотні».
Трэба патлумачыць, што на Майдане існавала сорак «сотняў», якія непасрэдна былі на барыкадах. Ім дапамагалі ўмоўныя «сотні» — юрыдычная, інфармацыйная і нават швейная… Праз слёзы дзяўчаты глядзелі трансляцыі падзей на плошчы і шылі цёплыя рэчы для ўдзельнікаў таго, што пазней назавуць РЭВАЛЮЦЫЯЙ ГОДНАСЦІ.
Партрэт Сяргея Нігаяна з таго часу нязменна ў офісе фонду. Хаця офісам гэта назваць цяжка: у звычайным доме на ўскрайку Кіева няма не толькі так званага «планктону», але і «кабінетаў начальнікаў». Хутчэй, гэта — разбураны мурашнік, дзе пануе адчуванне дабрыні і міласэрнасці. А яшчэ — водар вайны. Дакладней, жаданне дапамагчы яе скончыць.
Ілюзій наконт хуткасці гэтай справы ні ў каго няма: у гісторыі не зафіксавана прыкладаў добраахвотнага сыходу акупантаў. Яны сыходзяць толькі тады, калі іх да гэтага прымушаюць.
Ці грамадзянская вайна?
Для валанцёраў слова «АТА» — нешта накшталт ненарматыўнай лексікі. Усе разумеюць, што размова ідзе пра сапраўдную вайну, якую сусветныя палітыкі «далікатна» (мабыць, не хапае смеласці) называюць «антытэрарыстычнай аперацыяй».
Няма ілюзій і наконт таго, што ваююць з «укропамі» рэгулярныя расійскія войскі, закамуфляваныя пад «народныя рэспублікі», чаго «не бачаць» (альбо не хочуць бачыць) чыноўнікі з АБСЕ. Мабыць, ёсць «праблемы» і са слыхам, таму абстрэлаў сепаратыстаў яны таксама «не чуюць».
Хутчэй за ўсё, адбываецца гэта ад таго, што ў еўрапейскіх чыноўнікаў няма такіх «асабістых калекцый», якую збірае Дыяна Макарава. Складаецца яна з пацярпелай вайсковай амуніцыі, гільзаў, аскепкаў мін і ракет расійскіх «Градаў» з цынічнымі надпісамі на рускай мове: «С днем рождения. Дед Мороз»…
Іншаму чалавеку становіцца жудасна, але ў фондзе пра ўсё гэта распавядалі спакойна і без асаблівых эмоцый.
Дарэчы, «фонд» — гэта абрэвіятура, якая гучыць як «Фонд Оперативної Національної Допомоги», то бок Ф.О.Н.Д. Знарок выкарыстоўваю ўкраінскую мову, каб паказаць, наколькі яна блізкая да беларускай. Многія размовы ў фондзе вяліся з украінскага боку па-ўкраінску, беларускія журналісты размаўлялі па-беларуску. Нямала гучала і рускай мовы, і пры гэтым усё разумелі адзін аднаго.
Часцяком адбываецца і наўмысная падмена дэфініцый. Адносіны да «рускага свету» падаюцца за адносіны да «рускай мовы», а гэта, як кажуць у адным украінскім горадзе, дзве вялікія розніцы…
На пытанне, чаму прапаганда факусуецца менавіта на валанцёрах, адказ даволі просты. На мой погляд, гэта адбываецца таму, што ніхто не чакаў такой неабыякавасці грамадства.
Магчыма, мая думка спрэчная, але я ўпэўнены, што ўкраінскі досвед моцна напужаў не толькі тых, хто страціў кіеўскае Міжгор’е, пануе ў расійскай Рублёўцы альбо мінскіх Драздах. Ён ва ўсім свеце напужаў палітыкаў, якія лічаць свой народ «быдлам» і «паслухмяным электаратам».
Як дапамагчы фронту?
Пра сутнасць работы фонду — слова самой Дыяне Макаравай:
«Мы — міралюбныя людзі. Не ваявалі вельмі даўно і ніколі не думалі, што давядзецца змагацца з тымі, каго доўгі час лічылі братамі. Да таго ж, рабілася ўсё, каб украінская армія была моцнай толькі на паперы. Напачатку вайны высветлілася, што ў рэальнасці яна распранутая і галодная.
Сёння сітуацыя ўжо іншая, а тады ўсім было зразумела, што адной дзяржаве без дапамогі грамадства гэта не выправіць. Вайна — надзвычай дарагая рэч.
Мы не працуем на канкрэтным участку фронту альбо з канкрэтным батальёнам. Возім дапамогу тым, каму яна больш патрэбная. Салдаты самі вырашаюць, што ім трэба ў першую чаргу, і складаюць заяўкі. Звычайна гэта даручаецца таму, каму яны без абмежаванняў давяраюць. Гэта не залежыць ад «зорачак» на пагонах. Нямала выпадкаў, калі заяўкі прысылаюцца простымі байцамі, перадаюцца праз СМС… За тры гады нас добра ведаюць на фронце, і мы шмат з кім у прыязных адносінах, таму магчымасць усё праверыць ёсць заўсёды.
Самае складанае — не гэта. Вельмі цяжка выбраць, каму трэба дапамагчы ў гэтую хвіліну, а хто яшчэ можа пацярпець. Нядаўна ў мяне быў трагічны выпадак. Дапамогу свайму ўзводу прасіў баец Косця, але мне падалося, што яна тэрмінова патрэбна іншым, і я прасіла яго крыху пацярпець. Ён пагадзіўся. Калі ж чарга дайшла да яго, высветлілася, што Косці ўжо няма сярод жывых.
Мы — не ваенныя, не носім формы. Па-першае, не маем права. Па-другое, яе ўсё роўна давядзецца аддаць таму, каму гэта больш патрэбна. Памятаю, на самым пачатку дзейнасці на мне быў камуфляж. Аддала бушлат байцам, а потым усю зваротную дарогу дрыжэла, бо засталася ў танюткім джэмперы.
На фронце патрэбна літаральна ўсё — біноклі, цеплавізары, шапкі, рукавіцы, проста цёплыя рэчы, цвікі, сякеры, малаткі... Мы нават рэкламныя банеры навучыліся выкарыстоўваць для ўзмацнення бліндажоў, і зараз молім Бога, каб нехта прэзентаваў паўтоны гэтых рэчаў.
Філіялы фонду працуюць у Англіі, Італіі, Польшчы, Германіі, Аўстраліі, Канадзе і Беларусі. Яны звычайна складаюцца з украінскіх дыяспар, збіраюць грошы і купляюць неабходнае. Напрыклад, цеплавізары былі купленыя менавіта ў Беларусі.
Агульнавядома, што некаторыя з вайсковых камандзіраў і валанцёраў пайшлі ў палітыку. Вельмі спрэчная рэч. Мне таксама прапаноўвалі гэта, але я лічу, што кожны павінен займацца тым, што лепш за ўсё ўмее. Палітыка — не маё. Маё — дапамагаць тым, хто ваюе».
Пазіцыя не вельмі звычайная для нашага рацыянальнага часу. Асабліва калі ўлічыць украінскія падзеі. Размова пра электронныя дэкларацыі, якія сталі чымсьці накшталт палітычнага землятрусу. Шмат хто прыняў іх за «амністыю» і выклаў усе шкілеты з шафы, якія аказаліся не менш скандальнымі за сумнавядомы залаты батон Януковіча. Высветлілася, «для каго — вайна, а для каго — родная маці».
Што з гэтым рабіць? Гэта пытанне Аляксандр Фядута задаў падчас нашай сустрэчы. На яго Дыяна Макарава адказвае так:
— Сумна ўсё гэта. Байцы і раней здагадваліся, хто зарабляе грошы на іх крыві. Зараз гэта стала відавочна. Аднак хлопцы, якія цяпер ваююць, кажуць тое ж, што раней казала я: «Калі мы сыдзем, акопы, палітыя крывёй украінскіх салдат, імгненна зоймуць іншыя, сепары і расійскія вайскоўцы». Нашы байцы добра ведаюць, за што ваююць. У іх там родныя хаты, магілы загінулых сяброў. Гэта ІХ, гэта НАША зямля. Ніякія перавароты, ніякія новыя рэвалюцыі зараз немагчымыя яшчэ і таму, што гэтага не жадае ўкраінскі народ. Ён мудры і ніколі нікуды не спяшаецца. Робіць рашучыя крокі толькі тады, калі без гэтага, сапраўды, немагчыма.
Як і Дыяне Макаравай, мне вельмі хочацца, каб прагрэс на Усходзе Украіны, значна паскорыўся, бо шматлікія «мінскія перамовы» ўжо пачынаюць надакучваць.
І традыцыйнае «замест пасляслоўя»
Я разумею, што некаторыя выкажуць папрокі наконт суб’ектыўнасці аўтара. Маўляў, для раўнавагі трэба было б паказаць супрацьлеглы бок. Цалкам згодны. Як і з тым, што ні на ёту не парушыў гэтую аксіёму.
Па-першае, няма часу і жадання правяраць розныя фэйкі накшталт «эльфаў», «рабоў» і «славянскіх хлопчыкаў». Па-другое, у гэтым няма неабходнасці, бо я ўпэўнены: у любым грамадзянскім супрацьстаянні вінаватая ўлада. Якога б колеру яна ні была. Жоўта-блакітная альбо проста блакітная, як гэта было ва Украіне тры гады таму. Менавіта ўлада Януковіча прымусіла людзей узяцца за зброю, бо іншых варыянтаў, каб абараніць сябе ад здзекаў чыноўнікаў, у іх не было. Не буду праводзіць ніякіх аналогій, але вельмі хочацца, каб гэта зразумелі і там, дзе зараз «стабільнасць».
Фота Аксаны Аляксеевай