Хакер з Беларусі: У T-Mobile уцяклі звесткі амаль 50 млн кліентаў
Прадстаўнікі найбуйнейшага мабільнага аператара T-Mobile пацвердзілі, што зламыснікі, якія нядаўна ўзламалі яе серверы, здолелі выкрасці файлы, што змяшчаюць асабістую інфармацыю дзясяткаў мільёнаў чалавек.
Пра ўцечку стала вядома ў пачатку тыдня, калі на хакерскім форуме з'явілася аб'ява аб продажы асабістых звестак прыкладна 100 мільёнаў кліентаў кампаніі T-Mobile, піша «Наша Ніва».
Усю базу ўзломшчык ацаніў у шэсць біткойнаў (каля 280 000 долараў ЗША), заяўляючы, што яна змяшчае ў тым ліку IMSI, IMEI, нумары тэлефонаў, імёны, PIN-коды бяспекі. Таксама ёсць даты нараджэння прыкладна 30 мільёнаў чалавек, а таксама іх нумары правоў кіроўцы і нумары сацыяльнага страхавання.
Неўзабаве прадстаўнікі T-Mobile пацвердзілі, што ўзлом сапраўды адбыўся. Як заявілі ў кампаніі, зламыснікі скралі запісы, якія належаць 48,6 мільёна чалавек, у тым ліку цяперашніх, былых або патэнцыйных кліентаў T-Mobile.
«Важна адзначыць, што нумары тэлефонаў, нумары рахункаў, PIN-коды, паролі або фінансавая інфармацыя кліентаў і патэнцыйных кліентаў не былі скампраметаваныя ні ў адным са [скрадзеных] файлаў. Некаторыя даныя кліентаў T-Mobile, якія выкарыстоўваюць спосабы аплаты па факце, сапраўды ўключалі імёны і прозвішчы, даты нараджэння, нумары сацыяльнага страхавання і інфармацыю аб правах кіроўцы, пасведчаннях асобы», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве.
Ахвярам хакераў прапануюць 2 гады бясплатных паслуг па абароне ад крадзяжу асобы (з дапамогай McAfee ID Theft Protection Service).
Як паведаміў Джэрэмі Кірк, рэдактар Information Security Media Group, кампаніі, якая спецыялізуецца на кібербяспецы, хакер сцвярджае, што знаходзіцца ў Беларусі. Але іншага пацвярджэння гэтай інфармацыі на гэты момант няма.