Гельмут Коль і выбары
Германія развітваецца з былым канцлерам краіны Гельмутам Колем, які пайшоў з жыцця 16 чэрвеня, на 78-м годзе жыцця. Пра тое, як нямецкая грамадскасць успрыняла сумную навіну, і ці паўплывае гэта на выбарчую кампанію ў Бундэстаг, «Новаму Часу» распавядае нямецкі журналіст Пітэр Бурк.
— Якая агульная рэакцыя нямецкай грамадскасці на сыход з жыцця Гельмута Коля?
— Вельмі розная. Нягледзячы на шмат публікацый і напышлівых словаў на адрас нябожчыка, самы буйны рэзананс з нагоды смерці выклікаў правакацыйны загаловак левай газеты «Tageszeitung»: «Квітнеючыя краявіды» і выявы кветак на могілках. Справа ў тым, што ў «квітнеючыя краявіды» Коль у свой час абяцаў ператварыць ГДР. Таму загаловак у «Tageszeitung» успрымаўся як добрая іронія. Аднак сваякі былога канцлера пабачылі ў жарце здзек з нябожчыка. Выбухнуў вялікі скандал, які скончыўся пакаяннем журналістаў — яны былі вымушаныя прасіць прабачэння за сваю выхадку.
— Якім Гельмута Коля памятаюць простыя немцы?
— У чымсьці Гельмуту Колю пашанцавала, бо яго кадэнцыя скончылася ў час, калі сацыяльная праблематыка была не настолькі вострай, як зараз. Еўрасаюз трыумфальна рушыў на Усход, людзі не ведалі, што такое ісламскі тэрарызм і крызіс. Увогуле, існуе думка, што Коль прайграў выбары выключна праз слабы выступ нямецкай футбольнай зборнай на Чэмпіянаце свету 1998-га ў Францыі. Канцлер так ганарыўся сваім сяброўствам з тагачасным трэнерам Берці Фогтсам, што правал зборнай каштаваў яму галасоў на выбарах. Таму для большасці немцаў Гельмут Коль застаўся сімвалам аб’яднання і добрых, адносна тлустых часоў. Гэты вобраз не здолелі зруйнаваць і апошняя скандалы вакол яго асобы: гісторыкі высветлілі, што канцлер крытычна ставіўся да ўвядзення еўра і марыў пра дэпартацыю туркаў-імігрантаў.
Праўда, гэта не тычыцца інтэлігенцыі і прагрэсіўных колаў: яны не прабачылі яму інтрыгі, праз якую быў зрынуты ўрад сацыял-дэмакратаў у 1982-м. Лічыцца, што Гельмут Коль эксплуатаваў мадэль сацыяльнай дзяржавы, якую пабудавалі эсдэкі. Магчыма таму ў Франкфурце-на-Майне аказалася так шмат праціўнікаў ініцыятывы надаць мясцоваму аэрапорту імя Гельмута Коля.
— Вядома, што Ангела Меркель на старце сваёй кар’еры была пратэжэ Гельмуа Коля, аднак пасля здрадзіла шэфу і патрабавала яго адстаўкі пасля няўдачы на выбарах увосень 1998-га. Як паводзіць сябе Меркель зараз?
— Меркель намагаецца паводзіць сябе гэтак, як і павінен дасведчаны палітык: яна спрабуе вельмі мудрагеліста каментаваць гісторыю сваіх адносінаў з Колем. Аднак без скандалу ўсё роўна не абышлося, дзякуючы ўдаве экс-канцлера і яго сынам. Яны ахвотна нагадваюць Меркель пра тую здраду. Калі верыць выданню «Der Spiegel», адзін з сыноў нават патрабаваў забараніць выступ Меркель падчас пахаванняў. Паводле ўсё таго ж «Der Spiegel», адзін з сыноў нябожчыка даслаў запрашэнне на пахаванне венгерскаму прэм’еру Віктару Орбану, які лічыцца персанальным ворагам Меркель. Затое Меркель, у сваю чаргу, заклікала да стварэння новага фонду, які будзе насіць імя Гельмута Коля. У сувязі з гэтым прэса піша пра пачатак бітвы за спадчыну былога канцлера.
— Ці адбілася смерць Гельмута Коля на выбарчай кампаніі ў Бундэстаг?
— Гледзячы па выніках апошніх сацыялагічных апытанняў, нічога асабліва не змянілася. Хрысціянскія дэмакраты застаюцца лідарамі выбарчай гонкі, і няма падстаў думаць, што нехта можа перахапіць ініцыятыву. Аднак, чым бліжэй дзяжурная перамога Меркель, тым больш грамадства крытыкуе ідэю новай вялікай кааліцыі (фармат ураду, калі Меркель кіравала разам з эсдэкамі ў ролі малодшых партнёраў). Вельмі шмат людзей жадаюць бачыць, каб у складзе ўраду з’явіліся новыя твары, прадстаўнікі новых партый. Таму не выключана, што Меркель застанецца пры ўладзе, аднак яе партнёрамі будуць лібералы або «Зялёныя». Магчыма, таму вельмі шмат кажуць пра новы ўрад у зямлі Шлезвіг-Гальштэйн, дзе партфелі з кансерватарамі цяпер дзеляць лібералы і «Зялёныя».
— Сацыял-дэмакраты канчаткова змірыліся з будучым фіяска на выбарах?
— Марцін Шульц — кандыдат сацыял-дэмакратаў — намагаецца ўсімі сіламі пераламіць ход выбараў і вярнуць давер электарату, які ён страціў. На апошнім з’ездзе сацыял-дэмакратычнай партыі ён дамогся радыкалізацыі партыйнай выбарчай праграмы ў галіне падаткаў для заможных. Трэба сказаць, што намаганні Шульца не застаюцца без вынікаў. Паводле апытанняў, большасць немцаў пазітыўна ставяцца да яго персанальна. Іншымі словамі, барацьба для Шульца яшчэ не прайграная. Вельмі шмат спадзяванняў эсдэкі ўскладаюць на грамадскія пратэсты супраць саміту «вялікай дваццаткі» ў Гамбургу, якія пачнуцца на наступным тыдні. Эсдэкі відавочна будуць спрабаваць стварыць сабе вобраз канструктыўнай сацыяльнай апазіцыі.