Грэцкія арэхі зніжаюць узровень дэпрэсіі

Шматлікімі даследаваннямі ў папярэднія гады было ўстаноўлена, што ў прыхільнікаў так званай міжземнаморскай дыеты, якая ўключае, у прыватнасці, вялікую колькасць морапрадуктаў, аліўкавага алею і арэхаў, ніжэй узровень дэпрэсіі. 

arehi.jpg

У новай працы супрацоўнікі Медыцынскай школы Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Лос-Анджэлесе вырашылі праверыць, які ўнёсак грэцкага арэха ў зніжэнне дэпрэсіі.
У выніку яны выявілі, што паказчыкі дэпрэсіі на 26% ніжэй пры рэгулярным спажыванні грэцкага арэха і на 8% ніжэй пры спажыванні іншых арэхаў у параўнанні з тымі ўдзельнікамі даследавання, у чый рацыён арэхі не ўваходзілі.
Аўтары цяперашняй працы выкарыстоўвалі дадзеныя шырокага даследавання National Health and Nutrition Examination Survey (NHANES), у якім удзельнічалі больш за 26000 дарослых жыхароў розных штатаў ЗША. Хоць у спажыўцоў грэцкага арэха сярэдняя колькасць гэтага прадукту ў дзень склала ўсяго 24 грама, яны прадэманстравалі больш высокі ўзровень энергічнасці, аптымізму, цікавасці да дзейнасці, лепшую здольнасць да канцэнтрацыі і радзей адчувалі безнадзейнасць, чым тыя, хто арэхаў не еў. Паказчыкі дэпрэсіі сярод іх апынуліся ніжэй нават пасля ўліку такіх фактараў, як узрост, пол, раса, сямейнае становішча, узровень прыбытку, індэкс масы цела, курэнне і спажыванне алкаголю.
Хоць сувязь паміж спажываннем арэхаў і паказчыкамі дэпрэсіі назіралася і ў мужчын, і ў жанчын, сярод жанчын эфект аказаўся найбольш моцным.
У ЗША вырабляецца даволі шмат грэцкіх арэхаў (Juglans regia), у меншых аб’ёмах для ўнутранага рынку вырошчваецца таксама роднасны паўночнаамерыканскі від — арэх чорны (Juglans nigra). У параўнанні з іншымі арэхамі, грэцкія арэхі маюць унікальны профіль тлустых кіслот — яны ўтрымліваюць у асноўным поліненасычаныя тлустыя кіслоты, у тым ліку значную колькасць альфа-ліналенавай кіслаты. У грэцкага арэха на грам вагі прыходзіцца 0,089 грама гэтага рэчыва, што больш, чым у любых іншых арэхах.
Паводле Pro Science