Грузія. Як Іраклій Кабахідзэ пасварыўся з кутаісцамі

Кіраўнік парламента Грузіі, большасць у якім складае партыя «Грузінская мара», пасварыўся з жыхарамі Кутаісі, дзе з 2012 года засядае парламент.

Будынак парламента ў Кутаісі

Будынак парламента ў Кутаісі

У Кутаісі парламент пераехаў па ініцыятыве тагачаснага прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі, які хацеў падняць статус другога горада ў краіне і стварыць тут дадатковыя працоўныя месцы. Прадстаўнікі «Грузінскай мары», як толькі прыйшлі да ўлады, адразу заявілі пра намер вярнуць заканадаўчы орган у Тбілісі. Тым больш, што стары будынак парламента ў Тбілісі адрамантавалі.

Аднак супраць пераезду выступаюць у Кутаісі, дзе зараз праходзяць акцыі пратэсту. «Ануляванне статусу парламенцкага горада для Кутаісі азначае, што горад перастане развівацца. Калі гэта адбудзецца, большая частка насельніцтва Кутаісі пакіне горад і пераселіцца ў сталіцу, што стане вялікай праблемай і для Тбілісі», — кажа адзін з лідараў пратэстаў, якія падтрымлівае апазіцыя.

Узгадала апазіцыя і тое, што будынак парламента ў сталіцы пабудаваны ў 1930-х гадах на месцы знішчанага бальшавікамі праваслаўнага храма. У выпадку, калі дэпутаты адмовяцца змяняць сваю пастанову, удзельнікі акцыі ў Кутаісі абяцаюць больш радыкальныя пратэсты.

Застаецца дадаць, што ў Грузіі шмат тых, хто прапануе забраць у Тбілісі тытул сталіцы. Самая экзатычная прапанова — сімвалічна перанесці сталіцу ў Сухумі. Аматары ідэі сцвярджаюць, што гэта стане своеасаблівым адказам на расійскую анексію Абхазіі.