Грузія. Міхаіл Саакашвілі і футбол

Прэзідэнта Грузіі Міхаіл Саакашвілі абвінавацілі ў падрыхтоўцы правакацыі з мэтай зрыву таварыскага футбольнага матча тбіліскага і маскоўскага «Дынама».



timthumb2.jpg

Гульня адбылася 7 ліпеня ў грузінскай сталіцы і павінна была сімвалізаваць пачатак дыялогу паміж Грузіяй і Расіяй. Аднак нацыяналістам гэта не спадабалася. Асабліва абурыла іх прысутнасць на матчы дэпутата Дзярждумы Сяргея Гаўрылава, які галасаваў за прызнанне незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Напярэдадні гульні незадаволеныя сябры ініцыятывы «Вольная зона» арганізавалі свой матч каля ўваходу на стадыён. У выніку паліцыі давялося ўжываць сілу. Двое з пратэстоўцаў былі затрыманыя да раніцы наступнага дня.

Затрыманне выклікала асабістае абурэнне Саакашвілі, які патрабаваў тэрмінова вызваліць вязняў са спасылкай на тое, што Гаўрылаў, супраць якога пратэставалі арыштаваныя, працуе на ФСБ.

Між тым, дэпутаты ад кіруючай у краіне кааліцыі «Грузінская мара» лічаць, што менавіта Саакашвілі і замовіў акцыю пратэсту каля стадыёну. «Усе добра ведаюць, што фінансуюць «Вольную зону» Нацыянальны рух і Міхаіл Саакашвілі. Гэтыя хлопцы выконваюць іх заказ. Таму тое, што адбылося, — гэта добра спланаваная правакацыя», — кажа адзін з праўладных дэпутатаў.