Іх норавы: Кадыраў прапанаваў забіваць сваякоў тых, хто здзейсніў забойства і збег

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што ў выпадку забойства прадстаўніка ўлады ці турыста будуць караць сваякоў, калі самому злачынцу ўдасца схавацца. Аб гэтым ён заявіў на пераднавагоднім пасяджэнні са сваімі баевікамі.

Фота: АР

Фота: АР

Відэа заявы распаўсюдзіў чачэнскі апазіцыйны тэлеграм-канал «1ADAT», звярнула ўвагу «Люстэрка».

«Калі нехта здзейсніць злачынства і заб'е паліцыянта ці турыста, то гэтая смерць абавязкова павінна быць адпомшчана. Калі не атрымаецца знайсці самога вінаватага, то сваім жыццём павінны адказаць ягоныя сваякі», — заявіў Кадыраў.

Па словах кіраўніка Чачні, яго не задавальняе цяперашняя сітуацыя, калі сваякі чалавека, які здзейсніў правіну, проста адракаюцца ад яго і не нясуць адказнасці.

Такім чынам Кадыраў аднаўляе кроўную помсту ў Чачні, адзначае канал.

Сам Кадыраў таксама згадвае гэтую нараду, пры гэтым заяўляе, што ў рэспубліцы на асаблівым кантролі будуць трымаць пытанні супрацьдзеяння экстрэмісцкай і тэрарыстычнай прапагандзе.

«Падкрэсліў, што любая спроба здзейсніць замах на жыццё чалавека адаб'ецца ў тым ліку на сваяках вінаватага. Калі нехта лічыць, што мае права замбіраваць моладзь, знаходзячыся за межамі краіны, то глыбока памыляецца. Такія выпадкі, калі яны выявяцца, будзем спыняць вельмі цвёрда і ў корані, каб іншыя тысячу разоў задумаліся, перш чым даць сябе выкарыстоўваць. Блізкія сваякі павінны ведаць, чым займаецца прадстаўнік іх сям'і, і несці за яго адказнасць, чаму нас стагоддзямі вучаць чачэнскія адаты», — напісаў Кадыраў.

Раней кіраўнік Чачні заяўляў, што «крэўная помста чачэнцаў — гэта не перажытак Сярэднявечча, як памылкова ўяўляюць сабе еўрапейскія лібералы. Гэта адзіная і максімальна дзейсная прылада стрымлівання агрэсіі і неразважлівасці, якая зводзіць на нуль нават тэарэтычную магчымасць наўмыснага забойства». Ён таксама аб'яўляў крэўную помсту чачэнцам, якія ваююць на баку Украіны.