InformNapalm рэалізуе ўльтыматум вайсковаму кіраўніцтву РФ за абстрэл жыхароў Сірыі і Украіны
Валанцёры міжнароднай супольнасці InformNapalm працягваюць серыю ультыматыўных публікацыяў, якія закліканыя спыніць злачынствы расійскіх сілаў ва Украіне і за ейнымі межамі.

Згодна з агучаным ультыматумам, у адказ на кожнае парушэнне аб’яднанымі расійска-сепаратысцкімі сіламі (АРСС) рэжыму спынення агню на Данбасе, будзе апублікаванае чарговае OSINT-расследаванне з пазначэннем імёнаў, прозвішчаў, фатаздымкаў, бартавых і рэгістрацыйных нумароў, а таксама іншых падрабязнасцяў і фактаў, звязаных з злачынствамі расейскіх пілотаў падчас вайсковай аперацыі ў Сірыі.
У адказ на нядаўняе парушэнне рэжыму спынення агню з боку АРСС у раёне Аўдзееўкі (Данецкая вобласць, Украіна) мы публікуем дадзеныя расійскага пілоту Су-24М гвардыі маёра Румянцава Сяргея Аляксандравіча (архіў сацыяльнага профілю: https://archive.is/DwySx).
Ён з'яўляецца пілотам Су-24М з заводскім нумарам 0715373 (архіў фатаздымку: https://archive.is/QoL5f) 6980-й гвардзейскай авіяцыйнай базы 1-га разраду, вайсковай часткі 69806 (Чалябінск), авіягрупа базуецца на аэрадроме Шагол.


Фота: Срыншот галоўнай старонкі сацыяльнага профілю маёра Румянцава | VK
Характэрна, што астатняга разу маёр Румянцаў наведваў сацсеціва VK 20 верасня 2015 года а 01:16 уначы. Гэтая дата супадае з часовым перыядам перакідвання авіяцыйнай тэхнікі РФ у Сірыю, якая была пасля легалізаваная 30 верасня 2015 года праз дазвол Савета Федэрацыі РФ на выкарыстанне расейскай арміі за мяжою. Пры гэтым спікер Валянціна Мацвіенка не ўдакладніла, у якім менавіта рэгіёне могуць быць выкарыстаныя расейскія збройныя сілы. Нагадаем, што падобная сітуацыя фармальнай легалізацыі ўдзелу расейскіх збройных сілаў у аперацыях за межамі РФ была ў сакавіку 2014 году. Тады Савет Федэрацыі даў згоду на выкарыстанне арміі Расіі на тэрыторыі Украіны. Пасля Расія анексавала Крым, і ўлетку 2014 года дазвол быў адкліканы. Гэта азначае, што чарговы дазвол на агрэсіўныя дзеянні за межамі Расіі не толькі легалізуе прысутнасць авіяцыі ў Сірыі, але і з'яўляецца складоваю часткаю ў глабальнай аперацыі ў абароне “рускамоўнага насельніцтва” у любой іншай краіне свету.
Нагадаем, што 22 верасня, замежныя СМІ са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі, якія апублікавала амерыканская прыватная выведвальная кампанія Stratfor, прадэманстравалі значнае нарошчванне Расіяй вайсковае прысутнасці ў Сірыі. У сваю чаргу валанцёры міжнароднай даследніцкай групы InformNapalm здзейснілі ўласны аналіз сірыйскіх фатаздымкаў расійскай авіяцыі і зрабілі выснову, што на месцы падзеяў зафіксаваны Су-30СМ, бартавы нумар — “чырвоны” 24 (RF-95003), заводскі нумар10МК5 10МК5 1105. Было вызначанае, што лятак знаходзіцца ва ўзбраенні 120-га змяшанага авіяцыйнага палку 303-й гвардзейскай змяшанай авіяцыйнай дывізіі 3-га Камандавання ВПС і СПА Усходняе вайсковае акругі на аэрадроме Домна (Забайкальскі край).
Раней, 15 верасня, валанцёрская група InformNapalm здзейсніла статыстычны аналіз вайсковых выправаў расейскіх вялікіх дэсантных караблёў у сірыйскі порт Тартус і выявіла значнае павялічэнне дынамікі перакідвання сілаў і сродкаў у Сірыю за час з 2013 па верасень 2015 году. Статыстыка і інфаграфіка дадзеных даступныя ў спасылцы.
Таксама, напярэдадні рашэння Савета Федэрацыі на адкрытае выкарыстанне арміі за межамі Расеі, валанцёры “ІнфармНапалм” падчас здзяйснення выведкі сацыяльных профіляў расейскіх вайскоўцаў выявілі шэраг фактаў, якія дэманструюць падрыхтоўку ВПС РФ да магчымага выкарыстання ўдарнае авіяцыі, а таксама зафіксавалі, з якога менавіта аэрадрому адбывалася перакідванне ўзбраення ў Сірыю напрыканцы верасня 2015 году.

Скрыншот публікацыі з заявай прэм’ера Турцыі
З 5 кастрычніка, пасля таго, як стала вядома, што ахвярамі расійскіх ракетна-бомбавых удараў сталі мірныя сірыйскія жыхары, сярод якіх былі дзеці, InformNapalm распачаў ультыматыўную акцыю ў выяўленні і публікацыі дадзеных расійскіх вайсковых пілотаў, якія здзяйсняюць вайсковыя злачынства ў Сірыі.
Нашы высновы былі таксама пацверджаныя праз заявы шэрагу афіцыйных асобаў, напрыклад, 7 кастрычніка прэм’ер-міністр Турцыі Ахмет Давутаглу падкрэсліў, што толькі два з 57 удараў расійскай вайсковай авіяцыі ў Сірыі былі здзейсненыя па пазіцыях баявікоў “Ісламскай Дзяржавы”.
Нагадаем, што Рэлігійныя лідэры Саудаўскае Аравіі, а таксама ўсе паўстанцкія групы Сірыі абвясцілі Джыхад Расіі і заклікалі ўсіх мусульман далучыцца да яго. У гэты ж час спекулятыўныя заявы вайсковага кіраўніцтва Расіі, што тыя, хто выступае супроць расейскай аперацыі-прыкрыцця, якая задэклараваная як барацьба з баявікамі “Ісламскае Дзяржавы”, з'яўляюцца прыхільнікамі тэрарыстаў, — не вытрымлівае аніякае крытыкі.
Напрыклад, саудаўская авіяцыя таксама ўдзельнічае ў барацьбе супроць “Ісламскае Дзяржавы” (ІД) і, паводле саудаўскіх законаў, любы, хто падтрымлівае ІД, можа быць засуджаны на працяглы тэрмін увязнення.
Цікава тое, што, як паведамляе MK.ru, на ультыматум InformNapalm адрэагаваў прэс-сакратар прэзыдэнта Расіі Дзмітры Пяскоў, які назваў “варожай пазіцыяй” у адносінах да Расіі і да расійскіх вайскоўцаў з'яўленне ўкраінскіх сайтаў з дадзенымі на пілотаў Паветрана-касмічных сілаў РФ, якія ўдзельнічаюць у аперацыі ў Сірыі. Паводле словаў Пяскова, “расійскія спецслужбы ўсё гэта адсочваюць і будуць прымаць усе неабходныя захады для забеспячэння бяспекі расійскіх вайскоўцаў”.
Як адсочваюць публікацыі нашай валанцёрскае групы расійскія спецслужбы, мы назіраем паводле запытаў да сервераў InformNapalm.org. Напрыклад, ФСБ РФ здзяйсняе сталае пінгаванне RSS-абнаўленняў нашага сайту, таксама, час ад часу, наведвае публікацыі рэсурсу на замежных мовах, уключаючы і арабскую.

Поўны скрыншот зваротаў ФСБ РФ да сайту informnapalm.org за астатні тыдзень глядзіце па спасылцы.
Зазначым, што пагрозы на адрас групы InformNapalm, а таксама заявы расійскіх каментатараў, нібы публікацыя прозвішчаў і дадзеных вайсковых пілотаў — гэта “дапамога ІД”, з'яўляюцца спробаю дыскрэдытацыі валанцёрскай супольнасці. На цяперашні момант InformNapalm публікуе досыць вялікі абсяг дадзеных што да палётаў баявое авіяцыі РФ у Сірыі, якія атрыманыя як з адкрытых крыніц, гэтак і праз інсайдэраў, у тым ліку і ад расійскіх карэспандэнтаў.
Валанцёры InformNapalm правялі шэраг кансультатыўных сустрэчаў з замежнымі экспертамі Саудаўскай Аравіі і краінаў ЕС, на якіх прынятае рашэнне не надаваць агалоску пра дадзеныя пілотаў, якія насамрэч здзяйсняюць удары па групоўках “Ісламскай Дзяржавы”, але дадзеныя вайсковых злачынцаў, якія бамбуюць мірных сірыйскіх жыхароў і ўмераную сірыйскую апазіцыю будуць апублікаваныя паўсюдна.
Напрыклад, мы працягваем захоўваць дадзеныя экіпажу Су-34 бартавы нумар 22 (чырвоны) 47-га змяшанага авіяцыйнага палку, які сапраўды здзяйсняў удары карэктаванымі бомбамі КАБ-500С па групоўках “ІД” у раёне гораду Рака (відэарэпартаж RT). Але, як толькі гэты экіпаж будзе заўважаны ў вайсковых злачынствах супроць сірыйскага народу, мы выкладзем іхныя дадзеныя ў Сеціве.

Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын
Матэрыял падрыхтавала міжнародная валянтэрская каманда InformNapalm