Ізраільскае радыё аб’явіла байкот артыстам, што спявалі для Лукашэнкі
Ізраільскае «Лепшае радыё», арыентаванае на рускамоўную аўдыторыю краіны, абвясціла байкот некалькім расійскім і беларускім артыстам, якія падтрымалі Аляксандра Лукашэнку.
У «санкцыйны спіс» радыёстанцыі патрапілі такія расійскія выканаўцы як Філіп Кіркораў, Мікалай Баскаў, Аляксандр Буйноў, Дзяніс Майданаў, Аніта Цой, Дыяна Гурцкая, Наталля Масквіна, паведамляецца на сайце «Лепшага радыё».
З беларускіх выканаўцаў у лістзабароненых уключаныя Руслан Аляхно, Аляксандр Саладуха, Ірына Дарафеева, Алёна Ланская, Уладзімір Громаў, Анатоль Ярмоленка, Жанэт, групы «Аўра» і «Беларусы» і сёстры Груздзевы.
«Падтрымка крывавага дыктатара, улада якога трымаецца толькі на страху і гвалце, — ганьба для артыста і музыкі. З гэтага моманту мы выключаем з нашага эфіру песні гэтых лізаблюдаў. Гэта той мінімум, які мы можам зрабіць для свабодалюбнага народа Беларусі. Мы заклікаем нашых калегаў з “Першага радыё” і іншых радыёстанцый, якія граюць рускамоўную музыку, далучыцца да байкоту спевакоў дыктатуры», — гаворыцца ў паведамленні на сайце радыё.
Паводле АФН