Як жаба кінула свінню

Міжнародная феміністычная супольнасць апалчылася на жабку Керміта — персанажа славутага «Muppet Show» — за тое, што ён здрадзіў старой сяброўцы Міс Пігі.



muppet_show_tv_09.jpg

На першы погляд, справа вартая таго, каб выклікаць санітараў з Навінак. Што жудаснага ў тым, што стваральнікі лялечнага тэлевізійнага шоў прыдумалі галоўнаму персанажу новую сяброўку, якая ў дадатак выглядае маладзей за папярэднюю? Аднак так могуць казаць людзі, адарваныя ад заходняй культурнай традыцыі. Каб зразумець гэты культуралагічны феномен, трэба нагадаць, што такое «Muppet Show» і якое яго месца ў гісторыі.

«Muppet Show» — гэта не проста музычная лялечная праграма, якая выходзіла з 1976 па 1981 год і зараз вяртаецца ў эфір на амерыканскім канале АВС. У праграме, якая паказвае ўнутранае жыццё музычнага тэатра, у свой час удзельнічалі легенды амерыканскай і еўрапейскай культуры, сярод якіх Шарль Азнавур, Сільвестр Сталонэ, Піцер Усцінаў, Твігі, Стыў Марцін, Рудольф Нурыеў, Элтан Джон і іншыя. Індыкатар статусу праграмы — безліч узнагарод, якія яна паспела сабраць за сваё існаванне (сярод іх прэміі Брытанскай тэлевізійнай акадэміі і прэміі Emmi). Акрамя таго, на базе ідэі «Muppet Show» было знята шэсць асобных фільмаў і шмат тэлефільмаў. Некаторыя героі ператварыліся ў вядучых сваіх асабістых шоў, аўтараў кніг і г.д.

Важны чыннік поспеху праграмы, якую, дарэчы, прыдумаў легендарны лялечнік Джым Хэнсан (Jim Henson), — вельмі добра распрацаваныя і прапісаныя вобразы лялек-актораў тэатру. У іх мы можам без цяжкасці пазнаць людскія тыпы. Палітру ўдзельнікаў шоў нельга ўявіць і без Міс Пігі. Міс Пігі — гэта гламурная свінка з непрадказальным характарам, якая прэтэндуе на званне вядучай актрысы тэатра. На працягу ўсяго цыкла Пігі з пераменным поспехам спрабуе дамагчыся ўзаемнасці ад галоўнай любові ўсяго яе жыцця, кіраўніка тэатрам жабкі Керміта.

Вобраз эксцэнтрычнай свінкі настолькі прыйшоўся даспадобы гледачам, што пасля заканчэння шоў Пігі чакаў беспрэцэдэнтны поспех. Пігі паспела стаць вядучай дзвюх праграмаў на тэлебачанні. Акрамя таго ад яе імя быў запісаны музычны альбом і выдадзена кніга — «Уводзіны ў жыццё ад Міс Пігі» (Miss Piggy’s Guide to Life), якая стала бестселерам. Ружовая пыса Пігі з’яўлялася на вокладках шматлікіх часопісаў, у тым ліку такіх вядомых, як «Cosmopolitan», «Time», «Bazaar», «People», «Life» і г.д. У 1996 годзе часопіс «TV Guide» паставіў Міс Пігі на 23-е месца ў спісе 50 найвялікшых зорак тэлебачання ўсіх часоў.

Аднак аўтарам новай версіі «Muppet Show» свіння чамусьці не спадабалася. Хаця, хутчэй за ўсё, яны вырашылі ахвяраваць сяброўкай Керміта, каб прыцягнуць да шоў дадатковы інтарэс. Так ці інакш, перад выхадам новага варыянту шоў на акаўнце ў Twitter, што афіцыйна належыць Керміту, з’явілася інфармацыя, што з-за новага раману ён вырашыў разлучыцца з Міс Пігі. «Людзі мяняюцца… свінні і жабы таксама, мы былі разам вельмі доўга, і гэта вельмі асабістае», — сказаў Керміт на прэс-канферэнцыі 4 жніўня. Такім чынам Керміт канчаткова заявіў пра сыход ад Пігі.

Прэса і публіка дастаткова жыва рэагавалі на навіны пра інтымнае жыццё Керміта. Можаце смяяцца, аднак шмат хто ўспрыняў навіну пра разрыў Керміта і Пігі як асабістую драму. Былі нават петыцыі да студыі аднавіць адносіны куміраў. У сваю чаргу, культуролагі  тлумачылі такія незвычайныя ўчынкі тым, што раман Керміта і Пігі быў самы доўгім раманам паміж поп-зоркамі.

muppets_1024.jpg

Але сапраўдны выбух у медыя адбыўся пасля з’яўлення яго новай сяброўкі на экране. Яе завуць Дэніз. Дэніз выглядае больш маладой і падцягнутай. Яна таксама лепш арыентуецца ў цяперашняй моладзевай модзе, актыўна прысутнічае ў розных сацыяльных сетках.

Аднак такі характар не спадабаўся феміністкам. Іх ацэнкі выбару Керміта абсалютна адмоўныя. Па-першае, ім не падабаецца ўжо тое, што жабка падпарадкавалася стэрэатыпам пра жаночае хараство, якое навязвае ўстаноўку, што прыгажосць — гэта абавязкова бландзінка з вытанчанай фігурай. «Мы не для таго ўвесь час змагаліся за тое, каб жанчына не выглядала як лялька Барбі, каб нам падсунулі Дэніз», — абураюцца феміністкі. 

Другі момант незадаволення тычыцца ўзросту Дэніз, якая выглядае значна маладзей за Керміта. Гэта, на думку некаторых, ужо падобна на вычварэнства. Тут некаторыя бачаць нейкую латэнтную рэкламу прастытуцыі.

a_gaggle_of_muppets.jpg

Паралельна на феміністычных сайтах быў праведзены больш глыбокі аналіз сутнасці характару Міс Пігі, каб у выніку зрабіць выснову — яна і ёсць ікона фемінізму. Сапраўды, калі прыглядзецца, дык перад намі самастойная жанчына, якая сама за кошт цяжкай працы зрабіла кар’еру без усякай вонкавай пратэкцыі. Як тут не згадаць, што не так даўно наша гераіня паспела таксама выдаць кнігу, якая называецца «Я свіння-феміністка».

Чым закончыцца незвычайная вайна прагрэсіўнай грамадскасці за вяртанне Міс Пігі на падмосткі «Muppet Show» і ў абдымкі Керміта, можна толькі здагадвацца. Аднак з улікам колькасці аматараў Пігі ў свеце і шуму ў прэсе ўсё ідзе да таго, што сцэнарыстам давядзецца прыдумляць сцэны аднаўлення раману былых каханкаў. Праўда, некаторыя феміністкі закліка­юць Міс Пігі не вяртацца да жабкі. «Ты проста лепшая за яго», — пішуць яны ў сваіх пастах.