Якія дамы самыя небяспечныя? Дзе не варта хавацца падчас ракетнага ўдару?

Украінскі ратаўнік распавёў, якія шматпавярховікі самыя небяспечныя. У панэльных дамах наогул не рэкамендуюць заставацца, у маналітных дамах вельмі добра абараняюць ліфтавыя шахты.

1652852934_8691.jpg

Фота: Луганская абласная дзяржаўная адміністрацыя

Ва ўкраінскай Дзяржаўнай службе па надзвычайных сітуацыях (ДСНС) лічаць панэльныя дамы самымі небяспечнымі падчас ракетных абстрэлаў, а маналітныя збудаванні — больш абароненыя. Пра гэта распавёў намеснік кіраўніка ДСНС у Кіеўскай вобласці Багдан Данілюк.

«Найбольш небяспечныя у плане разбурэнняў — панэльныя дамы, паколькі яны складаюцца, як картачныя домікі. Аднак ёсць і выпадкі, калі падчас абстрэлу такога дома людзі выжывалі. Гэтыя дамы, калі складаюцца, пад імі застаецца вялікая прастора, — людзі там могуць выжыць. Калі гэта цагляны дом, калі здарыўся ракетны абстрэл і дом руйнуецца, — ён распадаецца на такія дробныя матэрыялы, што там выжыць вельмі цяжка», — сказаў ён.

Зрэшты, калі чалавек не трапіў у эпіцэнтр выбуху, а яго проста прываліла або заблакавала будаўнічымі канструкцыямі, то магчымыя пераломы, драпіны, страсення галаўнога мозгу.

Данілюк падкрэсліў, што падчас паветранай трывогі трэба хавацца ў спецыяльна для гэтага створаных хованках: «Калі гэта населены пункт у сельскай мясцовасці, то ў людзей ёсць свае мясцовыя склепы, у якіх можна схавацца».

Калі чалавек знаходзіцца падчас прылёту ракеты пасярод двух сцен, то гэта павялічвае шанцы на жыццё.

«Калі гэта будзе ўдар з боку фасаду дома, то чым больш перагародак, тым большая верагоднасць застацца жывым. У панэльных дамах я наогул не рэкамендаваў бы заставацца, у маналітных дамах вельмі добра абараняюць ліфтавыя шахты, яны цалкам з маналіту, жалезабетонныя. Але ўсё ж трэба спускацца ў сховішча», — параіў ратаўнік.

Паводле УНІАН