Януковіч адказаў на пытанне, ці хацеў бы ён, каб Крым вярнуўся ў склад Украіны
Экс-прэзідэнт Украіны заявіў, што хацеў бы вяртання Крыму ў склад Украіны, але рашэнне аб далучэнні «прынялі жыхары».
Ён адзначыў, што наведваў паўвостраў.
«Я б вельмі хацеў, каб Крым вярнуўся ў склад Украіны, і гэта будзе залежаць ад самога Крыму, ад жыхароў Крыму. Бо ў той перыяд часу, калі жыхары прынялі рашэнняў сысці з Украіны, яны абаранялі сябе і свае семʼі, гэта было іх рашэнне. Я быў у Крыме і бачыў іх рашучасць, з аднаго боку, а з другога боку — велізарную трывогу, таму што яны баяліся, што Майдан перакінецца на тэрыторыю Крыму», — заявіў Януковіч журналістам.
Таксама Януковіч дадаў, што ведаў пра прарасійскія настроі ў Крыму.
«Усё, што адбылося ў Крыме — гэта той выпадак, які кажа шматлікім безадказным палітыкам, як нельга ставіцца да народа і грэбаваць меркаваннем народа. Крым, які б перайшоў пад кіраванне радыкалаў, нёс пагрозы крымскаму насельніцтву — у гэтым ні ў каго не было сумневаў. Рашэнне жыхароў Крыму было прадказальнае. Мы заўсёды ведалі, што там былі прарасійскія настроі», — дадаў ён.
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе прызнаў сітуацыю з Крымам раўназначнай міжнароднаму ўзброенаму канфлікту паміж Украінай і Расіяй.
Большасць чальцоў ААН не прызнае крымскага рэферэндуму, які адбыўся ў 2014 годзе. Заходняя супольнасць («Вялікая сямёрка», дзяржавы-чальцы НАТО, Еўразвязу, Рады Еўропы) расцаніла дзеянні Расіі як агрэсію, анексію часткі ўкраінскай тэрыторыі, парушэнне яе тэрытарыяльнай цэласнасці.
15 красавіка 2014 года Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон, які абвясціў Крым і горад Севастопаль тэрыторыямі, акупаванымі ў выніку «ўзброенай агрэсіі Расейскай Федэрацыі».
Паводле belsat.eu