У крымскага татарына, які падтрымаў Расію, новая ўлада забрала зямлю
Балаклаўскі раённы суд Севастопаля пастанавіў забраць 20 сотак зямлі ў «героя крымскай вясны» Лянура Усманава. Сам мужчына будзе аспрэчваць такое рашэнне, а зямлю ды маральныя страты ацэньвае ў 17 мільёнаў еўра.
Зараз Усманаў лічыць, што рэальнай прычынай канфіскацыі зямлі стала ягоная грамадска-палітычная дзейнасць. У прыватнасці — арганізацыя ў Севастопалі шматтысячнага мітынгу супраць генплана горада.
Лянур Усманаў вядомы тым, што падчас «крымскай вясны» стаў адзіным крымскім татарынам, які адкрыта падтрымаў анэксію Крыма Расіяй, за што атрымаў медаль Мінабароны РФ «За возвращение Крыма». У 2014 годзе ён таксама выступаў на мітынгу «народнага адзінства» на Чырвонай плошчы ў Маскве.
Нагадаем, што ўрад Севастопаля вядзе татальную рэвізію зямельных надзелаў, выдадзеных у горадзе пры Украіне. Позвы аб канфіскацыях зямлі атрымалі некалькі тысяч гараджанаў. У позвах ідзецца аб тым, што зямля выдадзеная людзям нібыта з парушэннямі яшчэ старога, украінскага, заканадаўства, што ёсць падставай для канфіскацыяў.
Паводле «Новая газета»