Калі Пуцін разбомбіць Кіеў...

Калі першыя «зялёныя чалавечкі» толькі з'явіліся ў Крыме, аптымісты запэўнівалі, што Уладзімір Пуцін абмяжуецца тэрыторыяй любімага, але маланаведвальнага расіянамі паўвострава.



pucin_joker.jpg

Калі пасля гэтага першыя дыверсанты пайшлі на Данбас, аптымісты запэўнівалі, што Данбасам усё і скончыцца, таму што толькі ў Данецкай і Луганскай абласцях Януковіч і кампанія могуць сепаратызм фінансаваць, а насельніцтва — падтрымліваць. 
Цяпер, калі расійскія войскі стаяць у некалькіх кіламетрах ад Марыупаля, які іх відавочна не чакае, аптымісты нагадваюць, што гэта ж Данецкая вобласць, якой проста неабходны выхад да мора — а то няма дзе будзе ўтапіць вугаль, які не зможа закупляць Украіна і які цалкам не патрэбен Расіі. Калі пасля Марыупаля Уладзімір Пуцін рушыць далей, аптымісты будуць казаць, што гэта цалкам вытлумачальна, бо яму патрэбен сухапутны калідор да Крыму, а інакш пасля пачатку штармоў ў Керчанскім праліве насельніцтва любімага паўвострава вымрэ ад голаду і холаду. 
Калі Пуцін пойдзе яшчэ далей, аптымісты скажуць, што гэта цалкам лагічнае падарожжа, бо раней на ўсходзе краіны традыцыйна галасавалі за Януковіча і Расія проста хоча аднавіць баланс сіл і дапамагчы рускамоўным. Калі Пуцін ўварвецца ў цэнтр Украіны, аптымісты скажуць, што гэтая тэрыторыя заўсёды была часткай Расійскай імперыі і расійскі прэзідэнт проста хоча яе інтэграцыі ў Мытны саюз. Калі Пуцін разбомбіць Кіеў, аптымісты нагадаюць, што ў горадзе была жудасная сталінская архітэктура, а зараз ёсць шанец збудаваць новы Сафійскі сабор і новую Лаўру наўзамен згубленых. Да таго ж Кіеў — рускамоўны горад, таму на арэал ўкраінскай мовы гэта ніяк не ўплывае. 
Калі Пуцін дойдзе да Камянца-Падольскага, аптымісты скажуць, што ён проста хоча аднавіць межы 1939 года. Калі ён пяройдзе гэтыя межы, аптымісты падумаюць, што ён проста хоча аднавіць межы Савецкага Саюза, што цалкам лагічна, калі ўлічваць інтарэсы Расіі. 
Калі першыя бомбы ўпадуць на Хельсінкі, аптымісты нагадаюць аб тым, што Фінляндыя, як і Украіна, была часткай Расійскай імперыі і Пуціну проста неабходна зжыць комплекс паразы ў «зімовай вайне». Калі Балтыйскі флот памылкова абстраляе Гданьск, аптымісты скажуць, што субстантыўныя перамовы аб вяртанні Расіі Варшавы і Лодзі, якія былі важнымі гарадамі імперыі Раманавых, дапамаглі б палякам захаваць Кракаў і Познань. А пакуль палякі думаюць, расійскія войскі з боку Калінінградскай вобласці і Беларусі ўваходзяць у Літву — што таксама, увогуле, цалкам лагічна і аптымістычна, бо комплекс уцёкаў Літвы з Савецкага Саюза таксама трэба зжыць. І наогул у вайне ўжо загінулі не толькі сотні тысяч украінцаў, фінаў, палякаў і літоўцаў, але і мільёны расіянаў, таму ёсць надзея, што тыя, што засталіся, пачнуць масавы мірны рух і спыняць Пуціна. 
І сапраўды, сваякі не загінуўшых правялі шэсце за дапамогу суайчыннікам у паўночным Казахстане, прыгнечаным і гнаным  —  дарма што расійскі саюзнік! Але ў гэтым ёсць сваё аптымістычнае бачанне: вайна ў Казахстане зможа адцягнуць Пуціна ад вайны ў Еўропе і падарыць некалькі месяцаў мірнага жыцця Славакіі і Венгрыі, для нападу на якіх ужо сабраны войскі ў акупаваным і аб'яўленым сталіцай Русінскай народнай рэспублікі Ужгарадзе. І наогул гэта цалкам лагічна, бо Казахстан яшчэ Салжаніцын называў разадзьмутым і Пуцін хоча вярнуць Расіі яго тэрыторыі, якія здаўна ёй належалі. 
І вось у Чымкенце ён ужо спыніцца дакладна!
Віталь Портнікаў, grani.ru