Каля Рэюньёна знойдзеныя новыя абломкі самалёта

На ўзбярэжжы выспы Рэюньён ў Індыйскім акіяне, дзе раней быў знойдзены фрагмент крыла ад MH370, выяўленыя новыя абломкі неапазнанага самалёта.



0_18622878_303_00.jpg

Каля выспы Рэюньён былі знойдзеныя чарговыя абломкі самалёта. Пра гэта паведаміў міністр транспарту Малайзіі Ліоў Ціёнг Брэх. Ён дадаў, што гаворка ідзе пра фрагменты ілюмінатараў і сядзенняў. Па словах міністра, абломкі вельмі малыя, таму пакуль нельга сказаць, ці сапраўды яны належаць Boeing 777, што знік у 2014 годзе.

Ён таксама заявіў, што знойдзены раней на ўзбярэжжы выспы Рэюньён фрагмент крыла сапраўды належыць самалёту Malaysia Airlines. Тым самым ён пацвердзіў папярэднія высновы французскіх экспертаў.

Самалёт Boeing 777 авіякампаніі Malaysia Airlines выконваў рэйс MH370 Куала-Лумпур – Пекін і знік з экранаў радараў 8 сакавіка 2014 г. На борце знаходзіліся 239 чалавек з 14 краін. Усе яны прызнаныя загінулымі. Мяркуецца, што лайнер мог збіцца з курсу, праляцець некалькі тысяч кіламетраў і абрынуцца ў акіян, калі скончылася паліва.