Казахстан. «Нашы віншаванні — нашаму прэзідэнту!»
Штогод 1 снежня Казахстан святкуе Дзень першага прэзідэнта, якім, як вядома, з’яўляецца Нурсултан Назарбаеў.

Свята не абыходзіцца без вельмі арыгінальных формаў выяўлення любові да Елбасы. У гэтым годзе найбольш праявілі сябе чыноўнікі ва Усходнеказахстанскай вобласці, дзе прайшла моладзевая акцыя «Нашы віншаванні — нашаму прэзідэнту».
У межах акцыі маладыя казахі ў сацыяльных сетках віншавалі Назарбаева з Днём першага прэзідэнта.
Але проста напісаць віншаванні ў інтэрнэце было недастаткова. Ад удзельнікаў акцыі патрабавалася размяшчаць фота, якое было зроблена на фоне спецыяльных стэндаў. Тыя стэнды былі ўстаноўленыя ў гандлёвых цэнтрах, забаўляльных комплексах, кінатэатрах, а таксама ў навучальных установах буйных гарадоў.
Як і меркавалася, акцыя прыняла павальны характар, паколькі публікацыю віншаванняў у сацсетках кантралявалі ў адміністрацыях навучальных устаноў.
Дата святкавання абраная невыпадкова, паведамляюць афіцыйныя казахскія СМІ — 1 снежня 1991 года “адбыліся першыя ўсенародныя выбары, на якіх дзейны кіраўнік дзяржавы Нурсултан Назарбаеў набраў 98,7% галасоў выбаршчыкаў”. Дзень першага прэзідэнта адзначаюць з 2012 года.
Паводле казахскай прэсы