Казахстан. Назарбаеў ідзе шляхам Чынгіз-хана?

Незвычайным чынам трактуе Лейла Храпунова, адна з лідарак казахскай апазіцыі, нядаўняе рашэнне Назарбаева.

Унік Назарбаева Алтай скончыў Cass Business School ў Лондане. Фото Fjona Hill

Унік Назарбаева Алтай скончыў Cass Business School ў Лондане. Фото Fjona Hill

Назарбаеў пастанавіў перайменаваць Усходнеказахскую вобласць у «Алтын-Алтай». Такое рашэнне Астана тлумачыць тым, што даўно наспела дэкамунізацыя казахскай тапанімікі.

Між тым апазіцыя лічыць, што сапраўдная прычына перайменавання — прэзідэнцкі ўнук Алтай.

«Перайменаваннем Усходнеказахстанскай вобласці ў «Алтын-Алтай» Назарбаеў замацоўвае гэты рэгіён за сваім унукам Алтаем і сваякамі па гэтай лініі ад сярэдняй дачкі», — сцвярджае Храпунова.

Больш за тое, яна мяркуе, што іншыя рэгіёны краіны таксама хутка будуць замацаваныя за сваякамі Елбасы, — менавіта так у свой час замацоўваў за роднымі ўлусы Чынгіз-хан.

Зыходзячы з гэтага апазіцыянерка робіць выснову: «Ствараецца база па ўвядзенні саслоўяў новай арыстакратыі».

Трактоўка Храпуновой здаецца фантастычнай, але некаторыя палажэнні Канстытуцыі Казахстана і Крымінальнага кодэксу сапраўды ў шэрагу артыкулаў маюць азначэнне «саслоўе».

Паводле казахскай прэсы