Кіраўнік МВФ паўстане перад судом Францыі па справе аб махлярстве

Кіраўнік МВФ Крысцін Лагард паўстане перад французскім судом у сувязі з расследаваннем “справы Тапі”, адным з фігурантаў якога яна з’яўляецца, перадае ў чацвер Reuters са спасылкай на мясцовыя СМІ.



christine_lagarde.jpg

У Францыі ідзе разбіральніцтва з-за продажу ў 1993 годзе Бернарам Тапі — вядомым бізнэсмэнам, палітыкам і блізкім сябрам экс-прэзідэнта Нікаля Сарказі — кампаніі Adidas. Пра тое, што ў межах гэтай справы пачата расследаванне ў дачыненні да Лагард, стала вядома ў жніўні 2014 года.

Для заключэння здзелкі быў створаны кансорцыум пад кіраваннем дзяржаўнага банка Credit Lyonnais. Калі продаж адбыўся, Тапі абвінаваціў банк у махінацыях і запатрабаваў кампенсацыі шкоды. У 2007 годзе Лагард, якая была тады кіраўніком мінфіна Францыі, перадала справу Тапі ў арбітраж. Прынятае ім праз год рашэнне выклікала скандал: прадпрымальнік атрымаў ад фінансавай дзяржструктуры каля 403 мільёнаў еўра ў якасці кампенсацыі за спрэчкі, якія ўзніклі пасля продажу Adidas. Прадстаўнікі ў той час апазіцыйнай Сацыялістычнай партыі Францыі абвінавацілі ўлады ва ўмяшанні і ціску на судовую сістэму.

Імклівае развіццё расследаванне атрымала ўжо пасля прыходу сацыялістаў да ўлады. У канцы чэрвеня 2013 кансорцыум, створаны для заключэння здзелкі, падаў скаргу на рашэнне арбітражу. Пазней Тапі было прад’яўленае абвінавачванне ў махлярстве ў складзе злачыннай групы.

У верасні бягучага года паступіла інфармацыя, што французскі пракурор настойвае на закрыцці справы ў дачыненні да Лагард.