Краіны Балтыі і Фінляндыя гатовыя сумесна закрываць межы з РФ і Беларуссю, калі неабходна

Латвія разам з Літвой, Эстоніяй і Фінляндыяй каардынуе ўзмоцненыя меры пагранічнага кантролю на знешняй мяжы. Яны будуць сумесна прымаць рашэнне аб закрыцці межаў з Расіяй і Беларуссю, калі гэта будзе неабходна.

Фота lv.sputniknews.ru

Фота lv.sputniknews.ru

Пры гэтым прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс у эфіры латвійскага радыё адзначыў, што цяпер патрэбы ў закрыцці расійскай і беларускай мяжы няма, хоць гатоўнасць да рэагавання ўзмоцненая. У тым ліку Латвія не плануе пераглядаць абмежаванні на перасячэнне мяжы і візавыя працэдуры для грамадзян Расіі.

«Як і ў верасні мінулага года, калі ў Расіі пачалася мабілізацыя, мы казалі і можам сказаць цяпер, што ні мабілізацыя, ні цяперашнія падзеі ў Расіі не з'яўляюцца падставай для таго, каб выдаваць камусьці гуманітарную або любую іншую візу, або аслабляць правілы ўезду ў Латвію», — сказаў абраны латвійскі прэзідэнт.

«Уцёкі ад путчу або ўдзел у паўстанні не з'яўляецца падставай для таго, каб прыехаць у Латвію і разглядаць пытанне аб нейкай узаемнасці», — дадаў ён.

Рынкевічс адзначыў, што Латвія ўвяла надзвычайнае становішча як на латвійска-беларускай, так і на латвійска-расійскай межах, а таксама пачала ўладкоўваць загароды на гэтых участках.

«Але ў выпадку больш сур'ёзнага крызісу аднаго толькі будаўніцтва плота будзе недастаткова. Тут прыйдзецца працаваць і Дзяржаўнай памежнай службе, і Узброеным сілам, і без дапамогі саюзнікаў сітуацыю будзе не так лёгка кантраляваць», — лічыць палітык.

Як вядома, з вечара 23 чэрвеня ў Расіі разгортвалася фактычна сілавое супрацьстаянне паміж кіраўніком ПВК «Вагнер» і афіцыйнай расейскай верхавінай. Уладзімір Пуцін у спецыяльным звароце загаварыў аб грамадзянскай вайне і мяцяжы.

У суботу ўвечары пасля размовы з Лукашэнкам Прыгожын заявіў, што яго найміты разгортваюць калоны і ідуць у зваротным кірунку ў палявыя лагеры. Пазней стала вядома, што крымінальную справу ў дачыненні Прыгожына закрыюць, а ён «сыдзе ў Беларусь».