Крымскія татары Турцыі заклікалі свет вызваліць Крым ад расійскай акупацыі

Удзельнікі пасяджэння платформы крымскататарскіх арганізацыяў Турцыі выступілі з патрабаваннем да ўсяго цывілізаванага свету «прыкласці максімальныя намаганні для вызвалення Крыму — радзімы крымскіх татар — ад расейскай акупацыі і да аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».



3406684e_cc3f_48b2_8ef5_a93a29c9ba24_w640_r1_s_cx0_cy6_cw0.jpg

Пікет супраць акупацыі Крыма пад сценамі амбасады Расіі ў Анкары. 28 лютага 2015 года

Пра гэта паведамляе сайт «Крим.Реалии» са спасылкай на распаўсюджаную Меджлісам рэзалюцыю пасяджэння платформы, якое праходзіла 4-5 красавіка ў Анкары.

«Платформа крымскататарскіх арганізацыяў Турцыі падкрэсліла, што прадстаўнічыя органы крымскататарскага народа, выбраныя дэмакратычным шляхам у свабодным грамадстве, не прызнаюць незаконнай акупацыі паўвострава і працягнуць сваю барацьбу за аднаўленне законнага парадку ў адпаведнасці з дэмакратычнымі прынцыпамі вяршэнства права», — гаворыцца ў паведамленні.

У рэзалюцыі ўдзельнікі пасяджэння асудзілі «рэпрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да крымскіх татар, накіраваныя на абмежаванне свабоды грамадзянаў, пераслед лідэраў Меджлісу і сябраў нацыянальнага руху, ціск на незалежныя крымскататарскія СМІ, парушэнні правоў чалавека».

У заяве гаворыцца, што гэтыя «бясчынствы павінны быць разгледжаныя на ўзроўні Міжнароднага суду».

Акрамя таго, на пасяджэнні платформы крымскататарскіх арганізацыяў у Анкары было прынятае рашэнне аб правядзенні 17 траўня ў горадзе Эскішэхір жалобных мерапрыемстваў з нагоды гадавіны дэпартацыі. Дэлегаты таксама дамовіліся правесці ў канцы ліпеня — пачатку жніўня ў Турцыі Сусветны кангрэс крымскіх татараў.

16 сакавіка 2014 года на тэрыторыі Крыма і горада Севастопаля адбыўся так званы «рэфэрэндум» аб статусе паўвострава, па выніках якога Расія ўключыла Крым у свой склад. Ні Украіна, ні Еўрапейскі саюз, ні ЗША не прызналі дадзенае галасаванне і лічаць, што Крым Расія анексавала.

www.svaboda.org