Кыргызстан. «Саюз мяча і плуга»
Палітолагі СНД на поўным сур’ёзе сцвярджаюць, што Кыргызстан наведала рэінкарнацыя славутага літаратурнага прайдзісвета Астапа Бэндэра.

Фота islamreview.ru
Толькі такім чынам, на іх думку, можна растлумачыць цяперашнюю маштабную зачыстку мясцовай апазіцыі.
Прыкладна з 16 мая ў краіне ідуць арышты лідараў апазіцыйнага руху «Народны парламент», які падазраюць у спробе арганізацыі дзяржаўнага перавароту на карысць Масквы.
Тыя, хто ведае кыргызскую палітычную кухню, у шоку, паколькі «Народны парламент» — не тая структура, якая будзе знянацку рыхтаваць пераварот.
У пошуках адказу наконт прычын арыштаў з’явілася думка, што арганізацыя стала ахвярай прайдзісвета з Масквы. Лічыцца, што нейкі аферыст, які прыехаў у Бішкек, паабяцаў лідарам «Народнага парламенту» падтрымку ў Крамлі за невялікі грошы. Атрымаўшы грошы, той Астап Бэндэр знік, а «Народны парламент», наіўна мяркуючы, што за ім стаіць ці не асабіста Пуцін, пачаў рабіць радыкальныя заявы. Апошнія, быццам бы, і справакавалі ўладу на рэпрэсіі.
Паводле кыргызскай прэсы