ЛНР звярнулася да Лукашэнкі, Рубінава і Андрэйчанкі з просьбай прызнаць незалежнасць

Сепаратысты, якія заявілі аб стварэнні "Луганскай Народнай Рэспублікі", звярнуліся да 15 краін і суб'ектаў (у тым ліку расійскіх) з просьбай аб прызнанні яе незалежнасці. Сярод адрасатаў значыцца Беларусь.



lnr.jpg

Копіі ўсіх зваротаў за подпісам "старшыні Вярхоўнага Савета Луганскай Народнай Рэспублікі А.В.Каракіна" размешчаны на сайце сепаратыстаў.
 

Аляксей Каракін звярнуўся з просьбай аб прызнанні незалежнасці "ЛНР" да Аляксандра Лукашэнкі і старшыняў абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Анатоля Рубінава і Уладзіміра Андрэйчанкі.
 

"Вярхоўны Савет Луганскай Народнай Рэспублікі высока ацэньвае дзейнасць Рэспублікі Беларусь як краіны — гаранта міру і бяспекі. З моманту стварэння Луганскай Народнай Рэспублікі нашы грамадзяне былі цвёрдыя ў сваім намеры будаваць незалежную дзяржаву і паслядоўныя ў імкненні раздзяляць лёс Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў звароце.
 

Сепаратысты паведамляюць, што 27 красавіка на сходзе прадстаўнікоў грамад Луганска і Луганскай вобласці быў прыняты "Акт аб дзяржаўнай самастойнасці Луганскай народнай рэспублікі" (арфаграфія захаваная) і рашэнне аб правядзенні рэферэндуму 11 мая, на якім 96,2% грамадзян нібыта прагаласавалі за незалежнасць рэгіёна.
 

"Вярхоўны савет Луганскай Народнай Рэспублікі, гарадскія, раённыя Саветы народных дэпутатаў, грамадскія аб'яднанні, выказваючы жаданні шматнацыянальнага народа Луганшчыны, абапіраючыся на вынікі рэферэндум 11 мая 2014 года, гістарычныя і палітычныя перадумовы, існуючыя міжнародна-прававыя прэцэдэнты, кіруючыся прынцыпамі раўнапраўя і самавызначэння народаў, павагі і выканання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, звяртаюцца да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, да Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і да Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з просьбай прыняць рашэнне аб прызнанні Луганскай Народнай Рэспублікі як суверэннай незалежнай дзяржавы", — пішуць сепаратысты (арфаграфія і пунктуацыя захаваныя).
 

Іншымі адрасатамі звароту з'яўляюцца Расія, Абхазія, Арменія, Венесуэла, Інгушэція, Казахстан, Кітай, Куба, Прыднястроўе, Нікарагуа, Сербія, Сірыя, Чачня і Паўднёвая Асеція.
 

БелаПАН