Лонданская паліцыя расследуе, хто знішчыў мемарыял памяці Бандарэнкі ля амбасады Беларусі

Лонданская паліцыя вядзе расследаванне знішчэння народнага мемарыялу памяці Рамана Бандарэнкі ля амбасады Беларусі. Яго стварылі беларусы і грамадзяне Вялікабрытаніі, неабыякавыя да сітуацыі ў нашай краіне. Пра гэта паведамляе Свабода.

67cf3136_8de5_4f45_82bd_af17b057f986_w1023_r1_s.jpg


Вось што расказала Свабодзе Элісан Кэмеран, якая ўважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і выказвае салідарнасць з мірным пратэстам у Беларусі.
«Наш мемарыял з'явіўся насупраць амбасады Беларусі яшчэ ўлетку. Спачатку людзі ўскладалі кветкі на прыступкі амбасады. Супрацоўнікі амбасады скардзіліся, і мы пагадзіліся перанесці яго ў іншае месца, праз дарогу. За ім штодня даглядалі актывісты дыяспары і сябры», – кажа Элісан.
Элісан Кэмеран — сябра Ангельска-беларускага таварыства. У 1990-я яна кіравала праектамі, звязанымі з Беларуссю. Цяпер Элісан — дарадца новага Фонду жанчын Беларусі, які ствараецца Веранікай Цапкала і іншымі беларускімі жанчынамі.
Паводле Элісан Кэмеран, 13 лістапада ўвечары актывісты сабраліся там ушанаваць памяць загінулага Рамана Бандарэнкі. Яны спявалі, чыталі вершы і выступалі з прамовамі. А ў суботу раніцай мемарыял быў цалкам знішчаны. Элісан напісала пра гэта ў твітэры, паліцыя звязалася з ёй і запытала, ці не хоча яна паведаміць пра гэта як пра крадзеж, што Кэмеран і зрабіла.
Элісан Кэмеран перакананая, што паколькі народны мемарыял не знаходзіцца на тэрыторыі амбасады Беларусі, дыпламатычнае прадстаўніцтва не мае права перашкаджаць людзям ушаноўваць памяць і выказваць там сваю пазіцыю.


«У цэлым наша паліцыя і мясцовыя органы ўлады не перашкаджаюць мемарыялам. Прыбіральшчыкам вуліц забаронена перамяшчаць такія рэчы. Гэтая пляцоўка знаходзілася не на ходніках, і не стварала перашкодаў. Паліцыя вядзе расследаванне, і я спадзяюся, што ў выпадку неабходнасці мы зможам дакладна ўстанавіць, хто прыбраў мемарыял, выкарыстоўваючы запісы відэаназірання».
А ўвечары 14 лістапада брытанскія беларусы аднавілі мемарыял ля беларускай амбасады.

dac8cbe0_76b3_42a0_8352_b8f5a31c3e32_w650_r0_s.jpg