Магніцікі выратуюць Канстанцінопаль?

Хрысціянскі свет не на жарт напалоханы заклікамі турэцкага кіраўніка ператварыць Святую Сафію Канстанцінопальскую ў дзеючую мячэць.

sobor_svjatoj_sofii.jpg

Вярнуць крыж над купалам храма Святой Сафіі! На думку некаторых гісторыкаў, менавіта гэта мэта не давала спакою Захаду пачынаючы аж з 1453 года, калі, пасля захопу асманамі візантыйскай сталіцы, адна з галоўных святынь хрысціянства была ператвораная ў мячэць. Нягле­дзячы на тое, што ў 1935 годзе мячэць стала музеем, а часы крыжовых паходаў і падзелаў Турцыі, здавалася, засталіся ў мінулым, у некаторых комплекс наконт крыжа над Сафіяй, мяркуючы па ўсім, застаўся.

Напрыклад, у 2007 годзе за акіянам паўстаў рух за вяртанне першапачатковага статусу Святой Сафіі. «Савет па вызваленні Святой Сафіі» — так называецца арганізацыя, якая нават давяла справу да слуханняў на камітэце па правах чалавека ў Кангрэсе ЗША, падчас якіх спікеры шмат казалі пра «непавагу Анкары да хрысціянства». Яшчэ далей пайшлі ў Расіі, дзе ў 2015 годзе дэпутаты Дзярждумы адкрытым тэкстам запатрабавалі ад Турцыі перадачы Сафіі пад дах праваслаўя. «Гэты крок дапамог бы Турцыі і ісламу прадэманстраваць, што добрая воля вышэйшая за палітыку. Неабходна вярнуць хрысціянам Святую Сафію», — лічыць адзін з дэпутатаў Дзярждумы.

Зрэшты, ніякіх наступстваў заявы не мелі. У тым ліку таму, што турэцкі ўрад не даваў асаблівых прычын, каб гаварыць пра «непавагу да хрысціянства». Рэлігійныя абрады ў будынку царквы былі забароненыя. Акрамя таго, улады не паддаваліся на заклікі мясцовых ісламістаў. Для часткі турэцкага палітыкуму Сафія, нават у статусе музея, з’яўляецца нямым напамінам пра хрысціянскае мінулае Стамбула, нейкім генератарам ідэі хрысціянскага рэваншу.

Стан рэчаў змяніўся толькі пасля таго, як у 2016 годзе ў Турцыі быў усталяваны рэжым асабістай улады Эрдагана, які ператварыў рэлігію ў свой палітычны інструмент. Паступова ўсё часцей гучалі асцярогі, што падчас рэісламізацыі позна ці рана справа дойдзе да Святой Сафіі Канстанцінопальскай. Так і здарылася 26 сакавіка гэтага года, калі турэцкі гарант паабяцаў трансфармаваць храм у мячэць ды заклікаў «канчаткова забыцца пра Канстанцінопаль».

Рэпліка выклікала крытычныя ацэнкі з боку праваслаўных цэнтраў і міжнародных культурных арганізацый. Напрыклад, katholisch.de — сайт нямецкіх каталікоў — прызнаваў, што Сафія ў статусе мячэці будзе азначаць поўнае сімвалічнае выгнанне з краіны праваслаўных, якіх у Турцыі сёння налічваецца каля 160 тысяч. Рэзалюцыю супраць магчымага з’яўлення ў Стамбуле мячэці Ая-Сафія прынялі турэцкія кемалісты і левыя.

Зрэшты, нейкі аптымізм захоўваўся. Лічылася, што Эрдаган успомніў пра Сафію, каб падняць свой рэйтынг напярэдадні муніцыпальных выбараў 31 сакавіка. Тым больш, ідэю мячэці шмат мусіравалі на акцыях памяці мусульман, якія загінулі падчас тэракту ў Новай Зеландыі. Аднак, мяркуючы па прэсе, і пасля выбараў (на якіх, дарэчы, партыя Эрдагана не выйграла) праблема Ая-Сафіі з парадку дня не знятая.

Як піша адзін з грэчаскіх палітолагаў, «намер кіраўніка Турцыі ператварыць Святую Сафію ў мячэць быў не проста абяцаннем перадвыбарчага характару. Намер Эрдагана «адлюстроўвае геапалітычныя змены Турцыі, якая хоча дзейнічаць як лідар мусульманскага свету і аўтаномны полюс сілы ў Еўразіі». Змянілася і сама Турцыя, якая можа адважыцца «грэбліва паставіцца да міжнароднай супольнасці і якая хоча дзейнічаць як вялікая дзяржава».

Такія асцярогі пацвярджае і заява грэчаскага МЗС ад 9 красавіка. Афіны ў сваім эмацыйным пасланні заклікаюць Анкару не чапаць храм, «паважаючы міжнароднае права, міжнародныя дамовы, а таксама суседзяў».

Самае цікавае, што праект мячэці ў Святой Сафіі не супраць падтрымаць адна з фракцый «руского мира». «Калі Эрдагану ўдасца ажыццявіць задуманае, гэта прывядзе да паслаблення Канстанцінопальскага патрыярхату і яго дамаганняў на постсавецкай прасторы. Што, у сваю чаргу, зноў узвысіць ролю і ўмацуе пазіцыі Рускай праваслаўнай царквы», — лічыць кіраўнік цэнтра «Блізкі Усход — Каўказ» Станіслаў Тарасаў. Сапраўды, новы статус храма ставіць Фанар у складанае становішча: з аднаго боку, патрыярху Варфаламею трэба пратэставаць, а з іншага — ён з’яўляецца чыноўнікам аднаго з турэцкіх дэпартаментаў.

Ёсць думка, што рашэнне пра стварэнне мячэці можа быць прынятае ў хуткім часе як адказ Анкары на нядаўняе рашэнне ЗША прызнаць ізраільскі суверэнітэт над сірыйскімі Галанскімі вышынямі. Але, як ні смешна, спыніць Эрдагана могуць толькі магніцікі. Так-так, тыя самыя магніцікі, якія турысты купляюць падчас паездак, каб пасля прыляпіць на лядоўню ў хаце. У дадзеным выпадку магніцікі з выявай Сафіі і іншыя сувеніры на гэтую тэму — салідная крыніца папаўнення турэцкага бюджэту. Відавочна, што мячэць Святой Сафіі з асаблівым рэжымам наведвання будзе прыцягваць значна менш турыстаў. Усё гэтае дае экспертам падставы спадзявацца, што Сафія застанецца музеем як мінімум да выхаду Турцыі з эканамічнай стагнацыі, якой, дарэчы, канца пакуль не бачна.