Мегазорка з Белага дому
У лютым споўніўся роўна год пражывання ў Белым доме сям’і Барака Абамы. Аднак калі рэйтынг прэзідэнта апошнім часам паступова зніжаецца, гэтага нельга сказаць пра гадавы баланс першай лэдзі.
У лютым споўніўся роўна год пражывання ў Белым доме сям’і Барака Абамы. Аднак калі рэйтынг прэзідэнта апошнім часам паступова зніжаецца, гэтага нельга сказаць пра гадавы баланс
першай лэдзі.
Мішэль Абама заўсёды ўмела добра апранацца. Журналісты жаночых часопісаў адзначалі яе густ яшчэ задоўга да таго, як яна стала гаспадыняй Белага дома. У 2006 годзе “Vanity Fair
паставіў яе ў спіс 10 best dressed women (дзесяці самых добра апранутых жанчын). У наступным годзе яна зноў была ў дзесятцы. Лічыцца, што якраз стыльная вопратка Мішэль падштурхнула шматлікіх
мадэльераў пераглядзець сваё стаўленне да мадэляў з чорнай скурай.
Ужо пасля абрання Барака на пасаду прэзідэнта нейкі журналіст заўважыў, што стыль Мішэль падабраны па прынцыпу “і нашым і вашым. Некаторыя элементы яе касцюмаў нагадваюць яркія
фасоны Жаклін Кенэдзі — жонкі Джона Кенэдзі, куміра дэмакратаў. Аднак пры гэтым гарнітуры Мішэль вельмі класічныя. Менавіта класіцы аддавалі перавагу жонкі прэзідэнтаў ад
рэспубліканскай партыі Барбара Буш і Нэнсі Рэйган. Такім чынам, Мішэль Абама — папуліст, робіць выснову журналіст.
Папулізм, жаданне спадабацца ўсяму грамадству характэрныя не толькі для эстэтычнага густу Мішэль. Праз год пасля таго, як яна стала першай лэдзі, амерыканская прэса амаль адзінадушная ў адказе на
пытанне, якую адзнаку заслужыла Мішэль на гэтай пасадзе. Як прагрэсіўныя, так і кансерватыўныя выданні і аналітыкі ставяць ёй вышэйшую адзнаку.
Правым рэспубліканцам, якія стаяць на абароне сям’і, імпануе, што Мішэль не пайшла шляхам Хілары Клінтан, якую падчас першай прэзідэнцкай кадэнцыі Біла Клінтана неафіцыйна называлі
віцэ-прэзідэнтам. Аднак спроба гуляць з мужам на роўных ролях у выніку не спадабаліся амерыканцам. Хутка пад ціскам публічнай думкі Хілары была вымушана не так актыўна каментаваць курс адміністрацыі
і прапаноўваць законапраекты.
Мішэль, наадварот, амаль дэманстратыўна адмаўляецца браць удзел у дэбатах, звязаных з вялікай палітыкай, што менавіта і патрабуе ад жанчыны кансерватыўны сямейны кодэкс.
Аднак дэмакраты, якія традыцыйна носяцца з фішкамі фемінізму, таксама не хаваюць пазітыўнага стаўлення да Мішэль. Тая не падобная на Лауру Буш — папярэднюю першую лэдзі, якая ўсю энергію
скіравала на хатнія бытавая справы і была рэдкім госцем на фуршэтах і прыёмах. Мішэль, не ў прыклад Лауры, — сталы герой палітычнай і культурнай хронікі.
“Хацела б зрабіць штосьці, каб пра мяне маглі сказаць: яна нешта сапраўды змяніла, — так сфармулявала Мішэль сваё крэда перад журналістамі яшчэ год таму падчас адной з
першых прэсканферэнцый пасля абрання Барака Абамы прэзідэнтам.
У цэнтры яе актыўнасці аказаўся план барацьбы з атлусценнем сярод дзяцей. Пра гэту праблему пачалі казаць прыблізна год 30–40 таму, аднак да дзяржаўнай праграмы ўсё рукі не даходзілі. Між
тым, сёння кожнае трэцяе амерыканскае дзіця мае залішнюю вагу.
Кампанія Мішэль Абамы называецца “mom-in-chief (маці — галоўны кухар). Мэта кампаніі — падштурхнуць бацькоў самім гатаваць для дзяцей якасную ежу, а не
прапаноўваць замоўленую ў рэстаранах. “Мom-in-chief — гэта не толькі прапаганда здаровай гастраноміі. Бацькоў заклікаюць менш сядзець каля тэлевізараў, больш праводзіць з
дзяцьмі часу на свежым паветры, на спартовых пляцоўках.
Дарэчы, праблема дзіцячай тлустасці не абышла і прэзідэнцкую сям’ю. Тая ж Мішэль Абама ў інтэрв’ю распавяла, наколькі стомленай яна раней прыходзіла дахаты пасля працы. Не маючы
сілаў зрабіць дзецям нармальную ежу, папросту замаўляла нешта з бліжэйшага рэстарану хуткага харчавання. Праз некалькі гадоў убачыла, што ў яе абедзвюх дачок, Сашы і Маліі, праблемы з залішняй
вагой.
Эксперты падкрэсліваюць, што Мішэль зрабіла абсалютны правільны выбар. Праблема атлусцення і дзяцей і бацькоў відавочна важная для выбаршчыкаў як правых, так і ліберальных поглядаў. У гэтым кантэксце
таксама часта згадваюць пракол Хілары Клінтан, якая, калі перабралася ў Белы дом, вырашыла заняцца рэформай сістэмы аховы здароўя, наконт якой у грамадстве існуе шмат супярэчлівых канцэпцый.
Акрамя таго, кампанія Мішэль Абамы сама па сабе працуе на павышэнне папулярнасці дэмакратаў. Як сведчыць статыстыка, галоўныя ахвяры эпідэміі дзіцячай тлустасці — дзеці з бедных сямей
чарнаскурых або лацінаамерыканцаў. Лацінаамерыканцы, асабліва жанчыны, у большасці — каталікі, вельмі асцярожна ставяцца да прагрэсіўных лозунгаў дэмакратаў наконт планавання сям’і
і легалізацыі абортаў. Цяпер ёсць шанец, што дзякуючы Мішэль яны зменяць свае погляды адносна дэмакратаў.
Праз год існавання адміністрацыі Абамы, можна казаць, што сваё месца ў народнай палітычнай культуры Мішэль знайшла. Яна стала падобнай да поп-зоркі, візіты якой за мяжу цікавыя для ўсіх жаночых
часопісаў і грамадскіх СМІ. І як вынік — на фоне паступовага падзення рэйтынгу прэзідэнта, узровень даверу да ягонай жонкі расце. Можна прагназаваць, што ў выбарчай кампаніі Барака Абамы
2012 года Мішэль будзе адыгрываць значна большую ролю, чым два гады таму.
Адзіныя, каму дакладна не падабацца папулізм і зоркавы імідж мадам Абамы — радыкальныя феміністкі. На іх думку, замест таго, каб красавацца на вокладках жаночых часопісаў, Мішэль мусіла б
змагацца з самой індустрыяй гэтых часопісаў як важнага чынніка кансервацыі сістэмы мужчынскага дамінавання ў грамадстве.