Імем футбола

У рамках падрыхтоўкі да «Еўра–2012» ва Украіне можа адбыцца маштабная палітычная зачыстка. Такую выснову зрабілі ўдзельнікі канферэнцыі «Украінскае грамадства і «Еўра–2012», якая адбылася ў Кіеве ў пачатку мая. Якія падставы для такога кшталту прагнозаў? Пра гэта журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з адным з арганізатараў канферэнцыі, кіеўскім праваабаронцам Міхаілам Буткевічам.

— Якую ролю адыгрывае тэма чэмпіянату Еўропы па футболу ў грамадскай дыскусіі?



1f34004ebcb05f9acda6016d5cc52d5e.jpg

У рамках падрыхтоўкі да «Еўра–2012» ва Украіне можа адбыцца маштабная палітычная зачыстка. Такую выснову зрабілі ўдзельнікі канферэнцыі «Украінскае грамадства і «Еўра–2012», якая адбылася ў Кіеве ў пачатку мая. Якія падставы для такога кшталту прагнозаў? Пра гэта журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з адным з арганізатараў канферэнцыі, кіеўскім праваабаронцам Міхаілам Буткевічам.
— Якую ролю адыгрывае тэма чэмпіянату Еўропы па футболу ў грамадскай дыскусіі?
— Месца футболу і будучага турніру ў грамадстве цяжка пераацаніць. Дастаткова ўключыць тэлевізар. Практычна ўсе вядучыя рынкавыя брэнды паступова запускаюць спецыяльныя рэкламныя кампаніі, пабудаваныя на тэме футболу. Адзін прыклад: тое, што пратэсты супраць працягу арэнды расіянамі базы ў Крыме мелі дастаткова абмежаваны маштаб, таксама звязана са спортам. Пачатак шырокіх пратэстаў супраць дамовы Януковіча — Мядзведзева значыў бы зрыў чэмпіянату, а гэтага Цімашэнка ніхто нават на Заходняй Украіне не прабачыць. Таму апазіцыя вымушаная абмежавацца эпізадычнымі вылазкамі. І такая сітуацыя, на думку большасці экспертаў, пратрымаецца аж да правядзення чэмпіянату. Ідэальныя ўмовы для закручвання гаек.
— Што змянілася ў мадэлі падрыхтоўкі да чэмпіянату Еўропы па футболу пасля прыходу Партыі рэгіёнаў да ўлады?
— Па вялікаму рахунку, з-за таго, што прэзідэнцкія выбары павінны былі адбыцца ўзімку 2009 года, ва ўрадзе Цімашэнка наконт чэмпіянату ніхто асабліва не напружваўся. Цяпер зразумела, што турнір пройдзе падчас кадэнцыі Януковіча, і апошні, у выпадку правалу спаборніцтва, будзе несці персанальную адказнасць. Такі сцэнар ставіць крыж на шансах Януковіча атрымаць другі мандат на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Таму Партыя рэгіёнаў падышла да справы вельмі сур’ёзна. Прэм’ер-міністр абавязаны кожны панядзелак даваць прэзідэнту справаздачу наконт ходу падрыхтоўкі. Адзін з віцэ-міністраў кабінета Азарава персанальна адказвае за падрыхтоўку да турніру. Фактычна гэта такое міністэрства футболу. Прычым той футбольны віцэ-прэм’ер — Барыс Калеснікаў — трэцяя або чацвёртая асоба ў партыі. У выпадку, калі ўсё пройдзе добра, яму ўжо паабяцалі (прынамсі, так кажуць блізкія да Януковіча крыніцы) пасаду прэм’ера. Для параўнання, у Польшчы, якая будзе таксама прымаць спаборніцтвы, усю падрыхтоўку цягне адзін з дэпартаментаў Міністэрства спорту.
— Вы ўжо згадалі, што «Еўра–2012» — цудоўны падстава для рэпрэсій. Ці ёсць ужо адзнакі таго, што рыхтуецца зачыстка палітычнага поля?
— Дастаткова згадаць, што Калеснікаў вядомы не толькі як добры менеджэр, аднак як адыёзная фігура, лідэр самай прарасійскай групы ўнутры Партыі рэгіёнаў. Менавіта ён арганізаваў сумна вядомы з’езд у Севераданецку, на якім была агучана ідэя стварэння аўтаноміі Усходу Украіны. Пра намеры ўладаў таксама гавораць некаторыя перастаноўкі ўнутры сілавых ведамстваў. Так, новым міністрам унутраных спраў стаў Анатоль Магілёў — асоба, якая звязана з сумна вядомымі падзеямі ў Крыму ў мінулым годзе. Будучы галоўным міліцыянерам аўтаноміі, ён надзвычайна рэагаваў на спробы нелегальных захопаў зямель. Такія захопы робяць крымскія татары, якія лічаць гэту зямлю кампенсацыяй за дэпартацыю 1944 года. Звычайна ўсё абмяжоўвалася доўгім супрацьстаяннем. У нашым выпадку супраць захопнікаў былі ўжытыя газы, БМП і спецназ. Апынуўшыся на пасадзе дырэктара МУС, Магілёў правёў рэарганізацыю так званых грамадскіх камітэтаў (назіральнікі ад грамадскіх арганізацый пры структурах МУС). Усе старыя камітэты абвясцілі нядзейнымі. І на месцах сфармаваныя новыя, лаяльныя да міністра.
— Хто можа стаць ахвярай зачысткі?
— Зачыстка будзе, безумоўна, апраўданая неабходнасцю бяспекі падчас турніру. Ужо зараз гавораць пра неабход­насць паўтарыць нешта накшталт таго, што было ў Маскве падчас Алімпіяды 1980-га. Дакладней, прапануюць зачыніць гарады, дзе будуць праходзіць матчы, каб не дапусціць прытоку крымінальных элементаў і, натуральна, палітычных экстрэмістаў. І гэта самае складанае пытанне. Справа ў тым, што ў УЕФА існуе ліст крытэрыяў правых экстрэмісцкіх арганізацый, і туды можна лёгка падагнаць амаль усе моладзевыя апазіцыйныя і патрыятычныя арганізацыі. Усе яны, як правіла, пазітыўна ставяцца да асобаў кшталту Сцяпана Бандэры і выкарыстоўваюць сімволіку ўкраінскіх нацыяналістаў часоў другой сусветнай вайны. Сам факт, што гэта сімволіка нагадвае фашысцкую, а бандэраўцы мелі кантакты з гітлераўцамі, дазваляе нашым уладам лёгка паставіць на іх кляймо «правы экстрэміст» і апраўдаць ціск на нацыяналістычную моладзь у вачах Еўропы. Хаця сітуацыя, натуральна, больш складаная. Бандэра — гэта частка калектыўнай ідэнтыфікацыі заходніх украінцаў. Яны не ўкладваюць у асобу Бандэры агрэсіўныя расісцкія ідэі. Чэмпіянат — добрая падстава, каб зачысціць увесь сектар апазіцыйных грамадзянскіх актывістаў як на левым, так і на правым флангу. Асабліва тых, хто перашкаджае якім-небудзь бізнес-праектам. Ніхто асабліва разбірацца не будзе, калі народ патрабуе аднаго — вялікага футбола.
— Дапусцім, вы маеце рацыю. Як можа рэагаваць апазіцыя на такія крокі ўладаў?
— Мы спрабуем усталяваць кантакты з УЕФА. Фактычна на час турніру Плаціні будзе сябрам кабінета міністраў і можа паўплываць на стан рэчаў. Катастрофа, калі самае буйное спартовае мерапрыемства ў гісторыі Украіны стане пачаткам палітычнай рэакцыі! Праўда, шмат тут залежыць ад саміх апазіцыянераў, якім трэба знайсці іншых аўтарытэтаў акрамя супярэчлівых гістарычных персанажаў.